Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 39

Адам Глобус

Каля клуба натоўп назбiраўся, можа, чалавек 150—200. Дзеўкi збольшага паўцякалi, а хлопцаў наадварот паболела. І тут ад банка да РДК дзве машыны, поўныя салдатаў, вырульваюць, а папера­дзе мiлiцэйскi газiк. Нехта пазванiў, гад. Натоўп каля РДК завiраваў. Машыны спынiлiся, салдаты павыскоквалi з машын i пабеглi на збой.

Арганiзаванасць вайскоўцаў у першую хвiлiну дала iм перавагу, частка койданаўцаў разбег­ла­ся. Але чым далей iшла бойка, тым у горшае становiшча траплялi салдаты. Мясцовыя адступiлi ў клуб, i там бiлi салдат усiм, што траплялася пад руку — бутэлькамi (буфет разнеслi!), скрынямi, крэсламi, калЗмi. «Я лысаму па зубах калком, як у... iзджу. Ён зубы i павыплёўваў, — расказвала на другi дзень Ванька — мясцовая паўпрастытутка, што пра сябе гаварыла толькi ў мужчынскiм ро­дзе. — А потым афiцэрык да мяне падлятае. «Дзевушка, дзевушка...» Я ўсмешачку, i кастэтам яму пад вока як за... андзячу. Лупiў, як толькi мог. Мы б iх ухайдохалi, але тут трэцi кодаб зялёных прывезлi. І яны нас угаманiлi. Але я сваё зрабiў. Пад вока кастэтам як у... iзджу».

РДК месяц рапаравалi, бо зматлашылi ўсё, нават бiблiятэку. Кiно ў Койданаве не было, i ўсе глядзелi тэлевiзары i слухалi прыёмнiкi. Нехта пачуў, як «Голас Амерыкi» перадаваў пра бойку. Людзi абуралiся, што дыктар сказаў, нiбыта бiлася 300 чалавек. Абуралiся, бо паводле мясцовых даных бiлася чалавек 500–700. Потым перажывалi на судзе. Як судзiлi салдатаў, нiхто не бачыў, толькi казалi, што трох пасадзiлi. А з койданаўцаў пасадзiлi двух, таго, што крыкнуў: «Салдаты нашых б’юць!», i хлопца, якi першы пасля крыку ўдарыў салдата. «Крыкуну» далi 5 гадоў, а «Байцу» — 3. «Баец» i стаў адзiнай смяротнай ахвярай той бойкi. За тыдзень да вызвалення яго зарэзалi ў турме — «прайгралi ў карты».

Пасля рапарацыi ў РДК набiлася поўна народу i ўсе замест таго, каб глядзець фiльм, успамiналi бойку. «Я лысаму па зубах калком як заеду!» — ляцеў над заляю Ванькаў голас, i ўсе клалiся са смеху.

Мiнск. 24.I.1990

Карыда

(падарожная аповесць пра лютасць)

Нашто чалавеку даецца адпачынак? А на тое, каб наглядзеўся ў люстэрка i прывык да зменаў, што адбылiся са знешнасцю за доўгi працоўны год. Вось i сiвыя валасы на скронях. А на зубе металёвая каронка. Блакiт вакол зрэнак выцвiў, але, калi апрануць блакiтна-зялёную кашулю — ён нiбыта i адновiцца, паярчэе. Падгляданне за сабою — такi салодкi i патрэбны занятак... павер мне. I трэба ж зноў падрыхтаваць сябе да сустрэчы з табою. А замест гэтага я ўключаю ТV i гляджу карыду. Гэтым разам не сапраўдную, а парадыйную. На арэне карлiкi, адны толькi карлiкi. І пiкадоры, i матадоры, i замест каня — понi, i замест быка — цяля. Замест тарэадора — таксама карлiк. Усе лупавокiя, нават понi i цяля. Усе крывяць пысы. Усё выглядае гратэскава, як блазнаванне, як дурны жарт. Толькi карлiкi, ведаеш, натуральныя. Фэст скончыцца, а росту ў iх не прыбавiцца нi на сантыметр, i насы застануцца расплюснутыя, храпастыя, а вусны грыбатыя. Гэта стыль мадрыдскага каралеўскага палаца, стыль студыi Веласкеса, майстэрнi Гоi, лабараторыi Пiкасо... Гэта ён — вялiкi стыль Iспа­нii стагоддзя, стыль мастакоў з жорсткай фа­шыстоўскай краiны, стыль Мiро, Грыса, Далi, Бунь­ю­эля, Хiменаса, Лоркi, Гаўдзi, Тангi. Карыда — iх стыхiя, iх аб’ект вывучэння, iх спадчынны сон жахаў, дзе i цялятка можа знявечыць, скалечыць, растрыбушыць чалавека, калi той чалавек раз’юшвае яго чырвонай анучаю, калi чалавеку нестае спрыту i калi чалавек — карлiк, i ў яго не твар, а пыса, намаляваная iголкаю Францыска Гоi.