Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 37

Адам Глобус

5 — Правiнцыя

У Вялейскiм раёне ёсць вёска Латыголь. Цяпер газеты пiшуць, што ў той Латыголi знаходзiцца «Зона», дзе з’яўляюцца ўлюбёнцы хаблоў — НЛА. Толькi журналiсты забываюць удакладнiць, у якую з Латыголяў, а iх тры: Латыголь-1, Латыголь-2, Латыголь-3, — прылятаюць аб’екты. Асабiста я, калi чытаў артыкулы, дык уяўляў лажок мiж царквою i могiлкамi i на iм вялiзная рандэля, у школьных сталоўках такiх багата, а з тае рандэлi выходзяць дробныя i кудлатыя пачваркi i iдуць на могiлкi, каб пачытаць надпiсы на помнiках. «Мiхась Іва­навiч Зуб. 1951–1972. Трагiчна загiнуў ад рукi Яна Лыскоўскага». «Анатоль Пятровiч Барушка, 1949–1974. Выпадкова загiнуў, утануў. Спi спакойна, сынок». «Іван Язэпавiч Лыскоўскi. 1951–1974. Трагiчна загiнуў у аўтакатастрофе. Дарагому брату i сыну ад сваякоў».

Я калi першы раз прачытаў, дык скрануцца з месца не мог, вось, думаю, iтальянская вендэта на поўны рост. А падумаў я так, бо напярэдаднi ў кiно схадзiў на «Камень у роце». Кiно круцiлi ў вялiкай хаце. Не паказвалi цi дэманстравалi, а менавiта круцiлi. Стары праектар стракатаў, як вялiзарная страказа, хлопцы i дзеўкi сядзелi на лавах. Хлопцы «лавiлi момант» — лапалi дзевак, тыя лаялiся, смяялiся i павiсквалi. Што казалi героi кiнастужкi, было не разабраць. Калi галасы ў хаце злiвалiся ў суцэльны шум, дзядзька-кiнамеханiк зды­маў кепку, закрываў ёю вочка кiнапраектара i крычаў у цемру: «Спыню катушкi!» Хата ацiхала.

На экране дзейнiчала мафiя. Чорныя капелюшы. Пiсталеты. Нябожчыкi. Буйны план — галава, вочы заплюшчаныя, кроў на скронi, у роце камень. Вялiзная галава ўразiла гледачоў. Усе здранцвелi, i раптам — шум i плёскат вады. Дзеўкi закрычалi. Кiнамеханiк запалiў святло, i ўсе ўбачылi жалезназубую ўсмешку. Хлопец стаяў пасярод хаты з парожнiм цынкавым вядром, узнятым над гэтай самай усмешкаю. «Я табе казаў, падсунься — я сяду? Я цябе папярэджваў, што абалью?» Другi хлопец, ушчэнт мокры, не ўстаючы, зняў з сябе кашулю, выкруцiў i сказаў: «Не падсунуся, хоць ты тут памры». Жалезназубы паставiў каля лавы ў лужыну вядро, дном дагары, сеў i крыкнуў: «Гасi святло. Кiно будзем глядзець». На прасцiне дзейнiчалi мафiёзi. «... баныя дрэнажнiкi!» — «Хто тут вякае?» На экране нехта некага застрэлiў. Хто? За што? Нашто? Разабрацца было немагчыма. Больш у латыгольскае кiно я не хадзiў. Боек, праўда, там не было, як, скажам, у Койданаўскiм РДК, але i фiльм не паглядзiш, бо слаўныя асушальнiкi беларускiх балот, што папрыехалi ў Латыголь з усяго СССР (а можа iншапланетнiкi прывезлi?), сваiмi «жартамi» заглушалi любое дзеянне на экране. Тады я пераканаўся, што тэатр дрэнажнiкаў, што ператваралi балоты ў пустэчы, канкурэнта­здольны нават з iтальянскiм кiнематографам.

Але мы тут пра кiно. Дык у Койданаве кiно па­казвалi ў РДК. Першы фiльм, якi я памятаю, якраз i звязаны з гэтым домам культуры. Пустая заля. Я гуляю памiж радоў. Мае бацькi глядзяць на экранную вайну. Фiльм чорна-белы, шырокаэкранны. Помню толькi фiнал. У зале запалiлi святло, i на бляклым экране — шэрая гара, на гары — аголенае дрэва, з-за гары па небе плыве чорны дым. А на вулiцы ўсё яркае i каляровае. А потым я вырас i, вядома, наглядзеўся фiльмаў прыгожых i розных, як сказаў бы газетчык. Але фiльмы паказвалi не толькi ў РДК. На пачатку 60-х у Койданава прыйшлi тэлевiзары. Яны былi дзiвам i збiралi каля сябе штовечар па 15–20 чалавек. «Пайшлi, сходзiм на тэлевiзар». — «Сягоння няма кiно, я глядзела газету». — «Ну i што, паглядзiм фiгурыстаў». Дзецi сядалi блiжэй, старэйшыя далей. Гук уключаўся на поўную моц. «Якiя сцёгны!» Каментарыi атрымлiвалi амаль усе сцэны. «Пакруцяцца, пакруцяцца i ў ложак». — «Яны не муж з жонкаю». — «Ну i што, усё роўна ў ложак». Дзецям гаварыць забаранялася. Тады нават былi фiльмы, перад якiмi дыктарка папярэджвала, што дзецям глядзець iх няможна. Дыктарку я ненавiдзеў. І аднойчы, калi мяне прагналi, я пайшоў у кладоўку i адрэзаў вялiкi кавалак паляндвiцы. Адрэзаў i з’еў там жа, у цёмнай кладоўцы, без хлеба, давячыся салёным духмяным мясам.