Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 38

Адам Глобус

Мяне пакаралi, бо паляндвiцу хавалi на свята цi на якую ўрачыстасць. Ну, напрыклад, Бронiк Кiсель з марфлоту на адпачынак прыехаў. Бесказырка. Чуб. Кiцель. Клёшы. Тады i накрылi стол, i чаркi паставiлi, i паляндвiцы нарэзалi. Госцi, шум, весялосць... А нехта вазьмi i скажы, што па тэлевiзары фiльм. Усе ад стала да тэлевiзара. Селi, глядзяць, цiшыня, i раптам чую — нехта храпе. Азiрнуўся, бачу — Бронiк заснуў. Сядзiць на лаве, каля печы, i спiць. Вядома, стамiўся. А ўсе астатнiя глядзяць на экран. І твары ў iх сiнява-шэрыя. Зусiм нядаўна я згадаў тыя твары i жахнуўся, бо ўсе яны адышлi ў лепшы свет, толькi Бронiк жыве. І я доўга не мог заснуць, усё ўглядаўся ў сваiх сваякоў праз дваццаць пяць гадоў. У тэлевiзара трупнае святло. Такая вось грэгерыя прыдумалася, i я супакоiўся.

Згадалася зусiм iншае, ярка-жоўтае святло ў вокнах РДК.

Я глядзеў фiльм-казку пра цара i царыцу. Фiльм скончыўся, мы — дзецi — выйшлi на вулiцу i за­сталiся чакаць танцы. Самi мы на танцы не хадзiлi, а паглядзець праз вокны, хто з кiм танчыць, хацелася. Звычайная справа. Найвялiкшай ганьбай для койданаўскай дзеўкi было танчыць з салдатам, ну, зразумела, што не з тым мясцовым хлопцам, што, як Бронiк, у адпачынак прыйшоў, а з нетутэйшым. А што нi танцы, дык 5–6 салдат, як з-пад зямлi, у РДК вырастала. І адкуль яны толькi бралiся? Пакураць на ганку, i ў клуб, iх бясплатна пускалi. Усё ж салдаты, iм цяжка служыць. Дзяцей дык фiг пускалi.

Мы на вокнах вiсiм, цiкуем. Якiя спаднiцы i су­кенкi круцяцца.

«Ты, фраер лысы, валi адсюль, пакуль пiлоткаю кроў не выцiраеш!» На ганку двое салдат i мясцовы хлопец пасварылiся. Салдат нашаму хлопцу жахнуў за «лысага фраера» так, што той на прыступках звiўся ў клубочак. Салдаты ў РДК зайшлi. Не, каб уцякаць. А хлопец апрытомнеў, заляцеў на танцы i як зараве: «Салдаты нашых б’юць!!!» Што ўсчалося?! Хлопцы як адзiн дзевак пакiдалi i пачалi бiць вайскоўцаў. А тых можа чалавек 20 было. Яны рамянi паздымалi, спражкамi махаюць. Нашы крэслы пахапалi, i з крэсламi на салдат. А мы, таксама разумныя, праз фае, дзе танцы iшлi, прабеглi ў залю, дзе кiно, шуснулi, думалi бясплатна дарослы фiльм глянуць. Дзе там глянеш! Салдаты таксама ў залю адступiлi, бо выхад iм перакрылi. Кiно, вядома, спынiлi. Людзi ў залi пачалi крычаць. Нехта ў экран крэслам кiнуў i прарваў. Адзiн з салдатаў, найхiтрэйшы, на двор выскачыў i ўцёк. Астатнiх збiлi на горкi яблык, як толькi не пазабiвалi. Павыцягвалi нашы хлопцы тых збiтых салдатаў у сквер, пад помнiк Дзяржынскаму, i самi ў клуб вярнулiся.