Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 41

Адам Глобус

— До гуры! До гуры! — крычыць на ўвесь цырк крываногая, чорная, загарэлая, як шакаладная цукерка, кiраўнiца.

Ага, усё ясна з вамi, палякамi, вы, значыць, хiтрэйшыя за габрэяў, i набралi самых танных квiткоў. Зрэшты, i на карыдзе воляю лёсу беларус апынуўся побач з суседам па глобусу. Лёс! Толькi я пацiху ссунуўся з вялiкага шляху польскае нацыi. Ссунуўся i зiрнуў на арэну.

Бог, мой сведка! Закруцiлася галава. Ад стромы, ад вышынi, ад нечаканасцi, ад адсутнасцi хоць нейкiх парэнчаў. Мне зрабiлася млосна, i каб не глыток вады, не ведаю, чым бы ўсё скончылася. Цалкам верагодна, што мог упасцi i забiцца. І скажу табе, у Каталонii я пераканаўся, што вада — гэта жыццё. Ісцiна, яна, вядома, у вiне. А ў вадзе жыццё. Маеш бутэлечку з вадою — жывеш, не маеш — памiраеш, сохнеш, вянеш, марнееш i думаеш толькi пра тое, дзе ўзяць глыток вады. У Барселоне са спакойным сэрцам i без дрыжыкаў у каленях я памяняў бы пляшку гарэлкi на пляшку простай вады. А ў Мiнску зрабiў бы наадварот. Клiмат. У Барселоне мне хапiла глытка вады, каб вярнуць страчаную раўнавагу. Я сеў i пачаў разглядаць краявiд.

Сярод рознай драцяной i пруцяной павуты, сярод дахаў i гмахаў, што ўзвышалiся за трыбунамi, я разгледзеў i вежы касцёла Sagrada Familia. Прысутнасць архiтэктурнага шэдэўра мяне канчаткова супакоiла. Чаго не скажаш пра астатнiх гледачоў. Яны, убачыўшы задрыпанага рабочага арэны, якi штурхаў наперадзе сябе блакiтную цялежку з крэйдай i маляваў кола, пачалi пляскаць у ладкi, свiстаць, гудзець i раўцi. Мусiць так раўлi трыбуны i перад боем гладыятараў. Зрэшты, карыда i ёсць бой гладыятараў, толькi з усiх сысуноў у ёй вытрымалi эвалюцыйны адбор людзi i быкi, а вось iльвы, тыгры, пантэры, ягуары, рысi не вынеслi канкурэнцыi, як i чалавечыя двубоi, i былi выкрасленыя з цыркавой праграмы. Застаўся зусiм просты сцэнар: дзесяць чалавек, два з якiх на конях, нападаюць на аднаго быка i забiваюць яго, i так шэсць разоў на тыдзень. Здараецца i неспадзеў-ка — бык забiвае каня. А бывае i трагедыя — гiне тарэадор. Статыстыка досыць простая: кожную ня­дзелю на Plaza De Toros Monumental De Barselona гiне 6 быкоў, а кожны год на тым жа пляцы атрымлiваюць смяротныя раны 4 тарэадоры. Конi гiнуць не так часта, як людзi, бо выступаюць у латах. Кожнаму сваё. Адным вызначана жыць доўга i шчаслiва, другiм лёс рыхтуе пакуты на пяску, перамяшаным з бычынай крывёю. О, як любяць гледачы гэтыя захапляльныя для душы хвiлiны, калi жах перацiскае дыханне, бо бычыныя рогi не ўспаролi паветра, а працялi зiхоткi каптанiк тарэадора i выпусцiлi на волю вольную чалавечыя вантробы. Пясок прагна ўсмокча кроў, лекары вынесуць цела, граблi прыбiральшчыкаў заграбуць плямiны i ямiны, а душа тарэадора ўздымецца над арэнаю, сядзе на дахоўку навесаў, каб адтуль сачыць за змаганнямi чалавека i быка. Душы забiтых тарэадораў — iдэальныя гледачы. Яны ж не равуць, не свiшчуць, не крычаць хорам: «Тарэра фу!», не шпурляюць на арэну пустыя бляшанкi з-пад пiва. Але яны i не вiтаюць удалае выступленне ўзмахамi белых хусцiнак, не прыносяць букеты ружаў i бур­дзюкi з вiном, як тыя гледачы, што сядзелi побач са мною. Яны, як толькi зайграў духавы аркестр з нагоды распачатку карыды, узнялi такi лямант, што мне давялося затулiць свае барабанныя перапонкi. Асаблiва старалася чатырохгадовая таўсташчокая iтальяначка. Яна мужчынскiм голасам крычала: «То-ро! То-ро! То-ро!» А тым часам матадоры, тарэадоры, пiкадоры ды «пахавальная брыгада» абышлi чвэрць арэны, пакланiлiся трыбуне з начальствам (мэр Барселоны) i вярнулiся за чырвоную браму.