Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 36

Адам Глобус

Пасля артэкаўскага эпiзоду я больш не здымаўся ў вялiкiм кiно. Мне, праўда, i не прапаноўвалi. Было аднойчы, жанчына на вулiцы спынiла i сказала: «А вы не хочаце зняцца ў масоўцы?» Масоўка? Ха-ха! Але ёсць жа яшчэ i тэлевiзiйнае, гары яно гарам, цi лепш сiнiм полымем, кiно.

Дык вось, мой знаёмы, Валодзя Паненка, улад­каваўся на тэлебачанне рэдактарам i, як кожны пачатковец, вырашыў «узяць быка за рогi» — паставiць «Падзенне» Альбэра Камю. Што i казаць, экзiстэнцыялiзм, Нобелеўская прэмiя, «Мiф пра Сiзiфа» — гэта ўсё выдатна, а вось БТ (Беларускае тэлебачанне), Рэдакцыя лiтаратурна-драматычных перадач, мясцовыя майстры-асвятляльнiкi i аператары — жах, i калi сказаць «жах», дык гэта яшчэ нiчога не сказаць. І нават калi адкiнуць тэхнiчныя цяжкасцi, дык экранiзаваць «Падзенне» — Сiзiфава праца, абсурд. Бо твор напiсаны суцэльным маналогам, i каб крышку зрабiць «Падзенне» экранным, мой знаёмы перапiсаў гэты маналог у дыялог. Галоўнаму герою дастаўся амаль увесь тэкст. А мне, слухачу, сем рэплiк. Вось яны:

1. Калi ласка. 2. Я не супраць. 3. Вы маеце на гэта права. 4. Прабачце, але гэта не мае нiякага дачынення да справы. 5. Афiцыянт, палiчыце нам, калi ласка. 6. Даруйце. 7. Бясспрэчна.

А каб у перапынках памiж рэплiкамi я не ся­дзеў, як iдыёт, з мяне ў сцэнарыi зрабiлi мастака, нешта накшталт Талюза Латрэка, якi робiць замалёўкi з танцорак. Адпаведна, калi я павiнен рабiць замалёўкi з танцорак, дык i танцоркi па­вiнны быць. Яны i былi. Тры размаляваныя дзявулi з сакаўнымi сцёгнамi ды пошла-блiскучымi ку­паль­нiкамi. Што да твараў, дык яны так старанна iх намалявалi, што адрознiць адну ад адной было немагчыма. Здымалi «Падзенне» два днi, амаль без дубляў. Першы дзень без танцорак, другi з танцоркамi. Сцёгны i лабкi ў блiскучых купальнiках атрымалiся выдатна, у лепшых традыцыях кiчу. А што да астатняга, дык лепш i не згадваць. Ну, я маляваў, сядзеў у пiнжаку, якi за­стаўся ад экранiзацыi «Усёй каралеўскай рацi», i псаваў паперу. «Калi ласка», — i малюю. «Я не супраць», — i малюю. А бедны галоўны герой гава­рыў i гаварыў, i пра мараль, i пра халодную ваду, у якую не хочацца лезцi, нават калi нехта там тоне, i пра сумленне...

Паглядзеў я на сябе збоку i паставiў тлусты чорны крыж на ўласных акторскiх здольнасцях. Ён i дагэтуль стаiць, не павалiцца.

Адно, што для мяне засталося таямнiцаю, дык тое, што нашае «Падзенне» дэманстравалi тры разы, два апошнiя — «па заяўках тэлегледачоў». Можа, танцоркi ўзялi сваё, а можа i Альбэр Камю, хто iх ведае? Але што не я, дык дакладна.

I яшчэ адзiн маленькi эпiзод. Мая жонка вырашыла зняць клiп з рок-гуртам «Улiс». Яны здымаюць, я гуляю каля сцэны. «Адам!» Я азiрнуўся, а жонка на мяне з камерай iдзе. Я ўсмiхаюся i махаю ёй рукой. Вось так, прывiтанне, я рады вас бачыць. Гэта самыя лепшыя мае кадры, але iх нiхто не бачыў. А можа, самае лепшае ў iх тое, што iх нiхто не бачыў?