Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 35

Адам Глобус

Калi гавораць, што першы раз заўсёды не атрымлiваецца, дык у мяне наадварот — чым больш я здымаўся, тым горш атрымлiвалася. Калi першы фiльм быў дакументальны, дык другi (а як жа?!) мастацкi.

Сонца. Без яго нiяк. Амаль што iтальянскае, а ка­лi ўдакладнiць — крымскае. Я не ведаю, коль­кi тысяч прымае за адну змену лагер «Артэк», можа, 30, а можа, i 50, але ўсе яны сядзелi на стадыёне i здымалiся ў кiно. Масоўка! Збой змораных пiянераў крычаў-спяваў: «Ура, у нас ка­нiкулы!» Пасля дзвюх гадзiн такiх здымак я зра­зумеў, што быць адным з тысяч, тым больш з дзе­сяткаў тысяч, не для мяне. Я сказаў важатай, што iду ў прыбiральню, i пайшоў да камеры. У камеру я ўлез, аператар вылаяўся, рэжысёр паклiкаў да сябе. Мне выдалi цывiльную вопратку. Я пераапрануўся. Мне далi ў рукi сцяг i сказалi, каб я стаў каля фiнiшнай стужкi, i калi галоўны герой перарве гэтую стужку, я павiнен узрадавацца i замахаць сцягам. Я ўзрадаваўся, замахаў сцягам, i ў гэты момант нейкi запраграмiраваны ў сцэнарыi дурань пачаў аблiваць мяне i галоўнага героя. Маё абурэнне штучным не было. Рэжысёр смяяўся з мяне ў мiкрафон, а стадыён проста так. Мне заплацiлi тры рублi i вярнулi паўвайсковую форму. У кiно я расчараваўся. І калi ўвечары атрад пайшоў глядзець камедыю, застаўся i чытаў Максiма Багдановiча.

Зразумела, што любоў да сiнема аднавiлася. Але толькi ў якасцi глядацтва. Я нават школу прагульваў, каб паглядзець якi-небудзь баявiк цi хаця б пародыю на яго, накшталт «Бi першы, Фрэдзi!». А пра «Фантамаса» можна бясконца гаварыць, бо менавiта ён — зялёнагаловы i без ву­шэй — перамог i Чапаевых, i Карчагiных, i мала­дагвардзейцаў, не раўнуючы, як Хрушчоў Сталiна. У Хрушчова з Фантамасам ёсць нешта агульнае, асаблiва калi апошняга злучыць з Камiсарам Жуфам, якога граў эксцэнтрычны комiк Луi дэ Фюнес. Але вернемся да папярэдняй думкi: пародыя на кiно — не ёсць кiно. І ўсе Фантамасы, Зоры, Кiнг-Конгi, Фрэдзi — толькi комiксы, выкананыя ў тэхнiцы кiно.