Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 34

Адам Глобус

— Не можа такога быць!.. І ўсё ж я баюся, каб хто-небудзь не нарабiў глупства...»

Астатнi час я не iмкнуся глядзець на экран, я думаю над сакраментальнымi пытаннямi. Цi можна закахацца ў кiнатэатры? Цi запросiць незнаёмка да сябе? Цi ёсць у незнаёмкi муж i дзецi? Якая ў яе пастава, калi яна стаiць пад душам? Я кручу сваё кiно. А на экране: «Дзецi купаюцца ў рэчцы. На полi працуюць людзi. Цягнiк iмчыць удалячынь. Канец».

Хлопаюць дыхтавыя крэслы. Я зажмурваюся ад яркага вулiчнага святла. «Ну i што далей?» У незнаёмкi густа напудраны нос. «Я». «А далей, хлопчык, мы пойдзем на таксi». Яна бярэ мяне пад руку, i мы iдзём праз сквер. Яна мне страшна не падабаецца ў вулiчным святле, другое падбароддзе выглядае ўдвая большым. На прыпынку шмат таксовак. Яна адчыняе заднiя дзверцы, сядае i кажа: «Еш мармелад i расцi вялiкi». Таксоўка ад’язджае. Я аглядаюся на кiнатэатр, на афiшу, i даведваюся, што паглядзеў чэшскi фiльм «Ключ».

4 — У кадры

Сонечнае святло асляпiла мяне. Мы гулялi ў парку, i бацька захацеў мяне сфатаграфаваць. На алеi стаяў фатограф, а побач зiхцела навюткая дзiцячая машынка. Мяне пасадзiлi ў яе. З-за хмаркi выслiзнула сонца, i я зажмурыўся. На той картцы ў мяне такi выгляд, нiбыта я ўкусiў цытрыну. Ёсць у мяне i ранейшыя карткi — сяджу, прыхiнуты да падушкi, лысы, тры месяцы, а то i менш. Але я не памятаю, нi хто, нi як мяне здымаў каля падушак. А гэта ж вельмi iстотна. Кiно ж выйшла з фатаграфii, вось я i пачаў з яе. Можна было б пачаць i з больш ранняга, бо да фатаграфii была графiка, а да графiкi — жывапiс, а да жывапiсу... Там я не ведаю, там — сiнкрэтызм, непадзельнасць свету i адсутнасць «я». Таму кароткi штрых да маiх першых жывапiсных вопытаў усё ж варта зрабiць.

Мяне трохгадовага завялi да суседзяў Мядз­ведзевых, у якiх была дзяўчынка Надзя, на месяц малодшая за мяне. Яе мацi сышла ў краму i пакiнула нас адных у кватэры, дзе была новая светлая шафа з люстэркам. Я з Надзяй хукаў на люстэрка i спрачаўся — хто нахукае больш. Але гэты занятак хутка надакучыў. Надзя прынесла мамiну хiмiчную памаду, i мы выцягнулi мяккi стрыжань. Я прапанаваў перафарбаваць шафу ў ярка-чырвоны колер. Памады хапiла на ўвесь фасад, па вышынi, вядома, колькi змаглi дастаць, i яшчэ на адзiн бок. Прыгажосць была неверагодная — хiмiчная чырвань, праз якую свяцiлася свежая палiроўка. Асноўнае пакаранне прыпала не на нас, а на Надзiну мацi, якая хадзiла ў краму па малако. Яна плакала i не магла адмыць нi шафу, нi нашыя рукi.

Жывапiс вымагае ахвяраў. Звычайна гэта сцены, у маёй бiяграфii — шафа з люстэркамi i квадратнай шыбкаю ў дзвярах, за якой палымнела маленькая крухмальная фiранка з вышыванай ружаю. Вось такi быў мой першы вопыт жывапiсца. А першае з’яўленне на экране таксама знiтаванае з маляваннем. Я з аднакласнiкам Мiхасём хадзiў у Палац пiянераў. Студыя выяўленчага мастац­тва — вялiкi светлы пакой, застаўлены сталамi i мальбертамi, пэўна ж, самае цiхае месца ва ўсiм Палацы. І вось аднаго разу ў гэты цiхi куток уварвалася група барадатых мужчын з вялiзнай кiнакамерай. Самы барадаты быў у цёмных акулярах, а за яго спiнаю шапталi слова «Марухi». Што такое «Марухi»? Я не ведаў. Потым да мяне падышоў Мiхась i сказаў, што рэжысёр Марухiн нас здымаць не будзе, што можна iсцi дадому. А каго будуць здымаць? Рагалевiча, бо ён руды i яшчэ любiмчык нашага настаўнiка — Сяргея Пятровiча Каткова, i толькi што вярнуўся з ГДР, ды вось гэтага тоўстага. А тоўстага чаму? Бо ягоная тоўстая мацi дамовiлася з Марухiным. Тоўсты сядзеў за мальбертам i маляваў — порт, шэрая вада, шэрае неба, шэры карабель... Ты сцяжкi на карабель намалюй каляровыя! Мама кiравала з-за камеры. Тоўсты намаляваў сцяжкi — сiнi, зялёны, жоўты, чырвоны. Атрымлiвалася шэра. Марухiн сказаў, што будзе яшчэ здымаць i ў наступную нядзелю. Тыдзень я думаў. І прыдумаў. У ня­дзелю я апрануў пасясты бела-зялёны швэдар, на Мiхасю быў таксама мой швэдар, сiнi з вялiкiмi чырвонымi аленямi на ўсе грудзi. Мы прыйшлi ў студыю самыя першыя. Склеiлi два аркушы, прымацавалi iх да дошкi, што вiсела на сцяне, i пачалi маляваць iндзейцаў, змагароў за незалежнасць. Пёры, лiяны, гарбаносыя профiлi i колер яркi — сакаўны, нябёсны, лiмонны, травянiсты, памаранчыкавы, бэзавы, крывавы. Марухiн, вядома ж, прыехаў i зняў. І суседка расказвала маёй мацi, што бачыла мяне ў кiначасопiсе. Суседка — паэтэса Еўдакiя Лось — сказала яшчэ, што швэдры, якiя вяжа мая мацi, на экране глядзяцца ну проста выдатна. А яшчэ Еўдакiя Лось замовiла маёй мацi звязаць ёй сукенку, тады было модна насiць вязаныя строi i сукенкi.