Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 32

Адам Глобус

«Завод. Распраналка. Дзве работнiцы iдуць у душ. Адна — шыракатварая, з вялымi грудзямi, дру­гая — хударлявая, з лiсiным профiлем i нязграб­ным шнарам ад апендыцыту. Работнiцы шаруюцца вяхоткамi, уздыхаюць i радуюцца вадзе. Намыўшыся, яны вяртаюцца ў распраналку i пачынаюць выцiрацца махровымi ручнiкамi.

— А дэталi так i не прывезлi, — гаворыць шыракатварая i выцiрае свае вялыя грудзi.

— Зрываецца план, — занепакоена гаворыць другая i выцiрае доўгую худую шыю.

— Трэба сабраць сход i абмеркаваць гэтае пытанне, — шыракатварая ўскладае бэжавы станiк.

— Я абавязкова выступлю, бо, калi так i далей пойдзе, мы не выканаем пастаўкi.

На экране важкiя сцёгны ў сятчастых панчохах.

Заводская прахадная.

— Дык ты выступiш? — шыракатварая адкiдае з iлба пасму русявых валасоў.

Лiсiны профiль у махеравай шапачцы кiвае».

Такiх дзiкiх сцэн па сумяшчэнню так званага «карыснага» з так званым «прыемным», вядома, ня­шмат. Пакуль што няшмат. Але ў планах кiнастудыi, што каля станцыi метро «Маскоўская», з’явiлася набокаўская «Лалiта». Вось там ужо будзе, будзе. «У каго слабыя нервы, тым лепш пакiнуць залю», — папярэджваў гледачоў латышскi рэжысёр Герман Франк. А я прапаную пiсаць на афiшах замест «для дарослых» — «для гледачоў з моцнымi нервамi». А можна i не пiсаць, бо фiрма «Беларусьфiльм» ужо сама за сябе гаворыць.

Ёсць у мясцовых кiнатворцаў i тэарэтычнае абгрунтаванне сваiх пачвараў.

У Доме кiно (зноў даводзiцца згадваць пачвару) я быў сведкам, як адзiн майстра з аб’яднання «Летапiс» павярнуў да залi свой твар колеру старой анучы i з цынiчнаю ўхмылкаю пачаў разважаць: «А вы ведаеце, шаноўныя, што дзяцей-вырадкаў бацькi любяць больш за нармальных. Таму i я свае благiя i бяздарныя фiльмы люблю значна больш, чым пасрэдныя i добрыя. Так што, выбачайце, шаноўныя».

Вось i атрымлiвае глядач бруднай анучай па твары. Вось i выкарыстоўвае цынiк драбочкi гума­нiзму, што ёсць у нашым грамадстве.

Можна не хадзiць на ягоныя фiльмы!

Э, не. Тут памылка. Можна не хадзiць на мас­тац­кi фiльм. А так званы кiначасопiс прадаецца «ў на­грузку» i без папярэджання. Класiчны «кот у мяху». Глядач пакорлiва купляе, прымае, як непазбежнасць, прадукцыю вось такога цынiка з тварам колеру бруднай анучы, што сядзiць на мяккiм крэсле ў Доме кiно, палiць дарагiя цыгарэты, п’е каньяк, дзякуй Богу, што разведзены, i пасмiхаецца. І нiякi ён не вырадак i не калека i не хворы, ён — нягоднiк. І фiльмы ягоныя не вырадкi, а хлусня цынiка.