Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 9

Генрых Далідовіч

Нямкевіч змаўчаў.

— Я нічога благога пра Мішукову дзеўку не скажу,— вёў сваю думку далей Гарбацэвіч.— Файная, як ты кажаш, спрытная. I самі Мішукі людзі неблагія. Але які яны дадуць пасаг? У Мішука цяпер шэсць дзесяцін на трое дзяцей... Дык што ад яго возьмеш? Сама вялікае дзве дзесяціны. Ну, калі добра ўпрэшся, тры дасць... Я яму,— зноў кіўнуў на маўклівага сына,— у Прудах дзяўчыну нагледзеў. Не такая красуня, як Мішукова, але i не брыдкая, чыстая, гладкая. Праўда, старэйшая на гадоў пяць. Але дзесяцін пяць ці шэсць прынясе ў пасаг. I зямля тая будзе не так ужо далека — за вярсты тры...

Віця быў бязмоўны; Янка адчуў: лягчэе на душы. Мала што гэты скрыпнік квапіцца на Зосю. Стары Гарбацэвіч не дазволіць яе ўзяць замуж. А яго бацька павінен згадзіцца, каб парадніцца з Мішукамі: абое яны рабое. I не голыя, але надта i не касматыя. Гаспадары, як кажуць у вёсцы.

— Па-гаспадарску ты разважаеш, Пётрык,— пачціва прамовіў Нямкевіч.— Што праўда, то праўда: сабраць дабро цяжка, a растрэсці легка. Але што ж Мішуку ці мне вот рабіць? У нас усяго па шэсць-сем дзесяцін зямлі, а дзяцей нежанатых ды незамужнix яшчэ па трое... Вот i дай ім волю, зямлю, шчасце! Ніхто ж дарэмна ні палосачкі поля не падорыць! Hi цар, ні пан, ні...

— Ну, твой Гіполь праз гады тры вернецца з Амэрыкі i, можа, вернецца не з пустымі рукамі. Багатыром. Аддзеліш — будзе жыць сам па сабе,— нібы парадзіў Гарбацэвіч.— Алесю твайму зямля не трэба. Ён не жыў з яе i жыць не будзе. Ён хлопец вучаны, утрасецца ўсё ў яго — зноў стане навучыцелем, пачне добрыя грошы палучаць. Ну, а ты будзеш дажываць свой век во з ім, меншым,— кіўнуў на Янку,— хай толькі ён сабе дзяўчыну з добрым пасагам знойдзе...

— Дзе яны, сусед, тыя багатыя дзяўчаты? На дарозе не валяюцца.

— Канечне, не валяюцца. Шукаць трэба...

— Дзе ты ix падта знойдзеш?! Як ні падумаю, дык дзве-тры напраўду багатыя нявесты на ўсю воласць. Ды адну ты ўжо абмацаў.

— Хлопец паглядны, спрытны да работы. Усё ў яго руках аж гарыць... — нечакана пахваліў Янку Гарбацэвіч, не зважаючы, што Янка дагэтуль нямала папсаваў i яму, i яго Віцю крыві.— За такога малойца любая пойдзе, i кожны бацька добрага пасагу не пашкадуе. Бо ведаць будзе: нішто за ім не прападзе. Hi дачка, ні зямля. Ад яго,— усміхнуўся,— i дзеці здаровыя ды дужыя пойдуць.

— Ты вот сваю Анельку за яго аддаў бы?

— А чаму i не аддаць? — неспадзявана са згодаю адказаў той. Здаецца, упершыню i ў яго калючых вочках i на сцятых губах заблудзіла ўсмешка.— Зяць будзе дык зяць! Такому не шкода i добры кавалак зямлі адпісаць. Калі не здурэе, дык стане першы гаспадар на ўсю вёску!

«Павешуся, але не вазьму тваю Анельку...— рашучасць i непрыязнь запякліся ў Янкавым сэрцы.— Віця ўжо ўмелец, а тая ўтрая ўдалая. Крывыя ногі, вочы касыя... Ніхто яшчэ да яе не сватаўся, ніхто не гоніцца i на добры пасаг. Нават i Чорныя».

— Ну што ж,— прамовіў Нямкевіч.— Можа, i згаворымся як па-суседску.

Янка са здзіўленнем зірнуў на бацьку: жартуе? Бог яго ведае. Сам сабе ўсміхаецца. У вачах вясёлыя агеньчыкі. З трывогаю адчуў: у бацькавай спакойнай, разважлівай галаве заявіліся нейкія новыя, з прыцэлам на будучае, надзейлівыя i карыслівыя задумы.