Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 8

Генрых Далідовіч

Свяціла высакаватае ўжо сонца, сінелася неба. Мароз адпаў, цяў толькі спадцішка. За шыю ды за плечы. Луг блішчэў. Аж адбірала вочы ад белізны прастору, снегу, што ўжо не рыпеў, a быў мяккі. Пяклі шчокі.

— Ды як ты рэжаш хлеб? — закрычаў на Віцю Гарбацэвіч.— Ты ж крышыш, ломіш!

— Ды ён мёрзлы... — саромеючыся, адказаў той.

— Мёрзлы, мёрзлы! — перакрывіў бацька.— Няўмека ты! Няўдаліца! А яшчэ жаніцца ўздумаў! Не ўмеючы ні кала зачасаць, ні касы накляпаць. Hi лусты хлеба адрэзаць!!! Дай сюды,— i выхапіў ад сына хлеб, стары, з трэснутаю тронкаю i з вузенькім, ca зрэзаным пасяродку лязом нож.

«Вот гэта дзіва! — сам сабе ўсміхнуўся Янка.— Віця хоча жаніцца! А каторыя жартуюць, ён не то хлопец, не то дзяўчына. I вусы не растуць, i голас жаночы ці дзіцячы...»

— Жаніцца — не вучыцца... — усміхнуўся стары Нямкевіч.— Бывае, каторы да вучобы ці да работы як пень, а да танцаў ці да дзяўчат па-адмысловаму спрытны. Такі ўвішны ды здольны ўрвіцель, што адзін бог ведае, дзе i адкуль што ў яго бярэцца!

— Праўду ты, Ясь, кажаш. Работу не ўсе любяць ці ўмеюць рабіць, a жаніцца ўсе ахвотнікі вялікія. Як засвярбела, дык i жаніх... I наш кавалер насеў: жаніце! Цяпер маладыя не тое, што мы некалі былі: па гадоў пяць да дзяўчыны хадзілі, сваіх i чужых бацькоў на каленях прасілі, каб тыя дазволілі дзяўчыну ўзяць... Праўда, ён,— Гарбацэвіч кіўнуў на сына,— перада мною не заікнецца нават пра жаніцьбу, бо ведае, што я яшчэ i пугаю пажаніць магу. Матку просіць: «Пашліце пасля вялікадня сватоў».

— I да каго ж? — запытаў Нямкевіч, зачышчаючы paжон.

— Да Зосі Мішуковай.

Бацька раптоўна павярнуў галаву i чамусьці пільна зірнуў на Янку. Ён не вытрываў гэтага праніклівага позірку, хуценька апусціў галаву — сэрца яго ўстрапянулася, штурхнула ў грудзіну, на міг некуды знікла, пасля вярнулася, але ўжо з рэзкім болем. Апрача такога вострага болю Янка ўпершыню за сваё жыццё адчуў яшчэ i вялікі страх — большы, чым калі дагэтуль. Вось табе i скрыпнік, няўдаліца! Вунь на каго мае вока!

— Пачалі ж ужо марцаваць катэ... — усміхнуўся бацька.— Дык i нашы маладыя пад весну сверб пачулі...

— На сверб ест i серп...— адказаў Гарбацэвіч.

— Скажу табе, сусед, аднак хлопец твой нюх добры на дзяўчат мае,— здаецца, з павагаю да Віці прамовіў бацька.— Файную, спрытную выбраў. Самую паглядную ў вёсцы. Хто багацце шукае, а ён — красу...

— Маладое — дурное. Краса — красою, а дабро — дабром. Людзі ж мудра кажуць: «Жаніўся б на казе, абы з залатымі рагамі».

— Можа, каму i трэба тыя «залатыя рогі», але толькі не табе.— сказаў бацька»— Хіба табе сваіх дваццаці з гакам дзесяцін[] мала? Ды на двое дзяцей?

Янка слухаў старых, а кроў пульсавала-прылівала ў скроні. Бач, што хоча Віця! Зосю ўхапіць!

— Я ж, Пётрык, i надалей думаю. I пра яго дзяцей ды ўнукаў. Каб увесь род меў хлеб i да хлеба...— Гарбацэвіч прыціснуў боханчык да грудзіны i пачаў адразаць лусту. Але не адрэзаў. Адламаў скібу. Зморшчыўся.— Як кажуць, я з гразі ды ў князі выбіваюся, дык няхай хоць яны,— кіўнуў на сына,— пажывуць. Толькі, кажу, цяпер трэба пра тое дбаць.