Читать «Гаспадар-Камень» онлайн
Генрых Далідовіч
Генрых Далідовіч
ГАСПАДАР-КАМЕНЬ
Раман
Падрыхтаванае на падставе: Далідовіч Генрых,Гаспадар-камень: Раман. - Мн.: Маст. літ., 1987. – 446 с., 8 л. iл.
Кожная мясціна на свеце ганарыцца нечым сваім, адмысловым. Таямнічасць, даўняя памяць, гонар для Янкавін — валун, ці, як яго называюць, Гаспадар-камень, што ляжыць за вёскаю, перад самым Налібацкім лесам. Ніхто не помніць i не ведае, калі заявіўся тут гэты велікан, колькі ён ужо ўвогуле існуе. Відаць, спакон стагоддзяў. Бо высозны, ледзь не ў рост чалавека, шырокі, спод аброслы цвёрдым, нібы цэмент, шэрым мохам i ў той жа час трывалы, моцны, з намерам пражыць яшчэ шмат.
Гаспадар-камень заўсёды вабіў янкавінцаў нейкаю магічнаю сілай. Казалі, шмат хто (звычайна адзін) з кожнага новага пакалення прыходзіў сюды, калі яму было цяжка. Валун нібы слухаў чалавека, убіраў у сваю непрыступную i ў той жа час чулую душу людскія беды, слёзы, просьбы ды мары, камянеў, таіў пачутае ды, можа, сваёй маўклівай мудрасцю вучыў, раіў чалавеку-гаротніку гэтаксама набірацца маўклівасці, цярпення ды камянець. Baлун-то, канечне, сам нема маўчаў, ляжаў i ляжыць затоеным сведкам усяго, што тут адбывалася, але людзі не ўсе станавіліся нямыя, акамянелыя, бо той-сёй рана ці позна i выкрыкваў боль жывой, чалавечай душы...
Частка першая. ВЯЛІКІ ПОСТ
Янка Купала
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
1.
Выехалі раненька. Яшчэ атульвала неба i зямлю ноч. Цадзіў праз сцюдзёнае, нібы шкляное паветра блакітнае святло месяц, мігцелі па цёмна-сінім небе густыя белаватыя зоркі, ды шматколернымі іскрамі зыркаў вельмі ж хрумсткі снег. Блакітная відната трымалася аж да Налібак, што былі ад Янкавін за чатыры вярсты. A ў Налібаках зоркі ды месяц раптоўна зацягнуліся густым i белым, як малако, туманом i з неба на зямлю пала густая цемната.
Сям-там з акон налібацкіх хат скупа засвяціліся газніцы ці лучыны, той-сёй з гаспадароў тупаў па двары, рыпеў снегам, запрагаў каня, збіраючыся, відаць, гэтаксама ехаць па сваё сена — не спалі ў шапку, канечне, i налібачане. Як пакідалі Налібакі, дык аж напалохаліся: няўжо хто гарыць? Увесь засценак быў у чырванавата-жоўтым святле. Пасля супакоіліся: нехта воддаль ад вуліцы i прыбудоў паліў салому — смаліў кормніка. Утраіх. Праўда, трымалі па пуку саломы два высокія мужчыны, a трэці, хлапчук, тоўкся каля рук. Агонь то ўспыхваў, калі ўгараліся два пукі саломы, асвятляў блізкія сядзібы, адсоўваў цемру на паўнеба, то атухаў, сціскаўся да маленечкага цяпельца-вочка, калі ў каго аднаго ў руках адшугвала салома,— тады той кідаў на распластанага кормніка недагарак i змятаў венікам ca спіны вуголле — адразу ж далека несла гарэлую салому i шчаціну. Патыхала горасцю. Аж казытала ў носе.
У лесе, у Налібацкай пушчы, было зусім цёмна. Як у запечку.
Нямкевіч-бацька ехаў першы. Ён добра ведаў дарогу на Шубін — пуцявін у пушчы шмат, крыху звярні не туды, дык заедзеш далека ўбок, пад Любчу ці Новагародак. За бацькавымі санямі трушком беглі іхнія коні. Усяго чацвёра. Уночы ў пушчу рызыкоўна ехаць аднаму. Пушча ёсць пушча. I звяр'я тут нямала ўсякага, i людзі розныя тут швэндаюцца. У пушчы свае законы. Той уладар тут, хто смелы i дужы.