Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 10

Генрых Далідовіч

— Нy, а твая Кастуся... — сказаў Гарбацэвіч i тут жа асекся. Як не ведаў, а што ж пажадаць суседавай гарбаценькай дачцэ.— Можа, i ёй бог шчасце пашле...

Бацька нічога не адказаў. Схмурыў калматыя бровы, што амаль зрасліся на пераноссі. На раптоўна пацяжэлы i яшчэ больш памаршчынелы твар усплыў з душы цёмны, пакутлівы цень. Забалела сэрца па сястры i Янку. Ён хуценька ўзяўся рэзаць хлеб. I праўда, хлеб не рэзаўся. Крышыўся. Але адрэзаў дзве тоўстыя лусты.

— Ну, чаго рот разявіў? — адчуваючы няёмкасць за боль, які прынёс суседу, накінуўся на сына Гарбацэвіч.— Рэж, жаніх, качан!

Янка адрэзаў кавалак прасоленага, з ружоваю праслойкаю сала, усадзіў яго на востры альховы ражон i падлез да агню. Зірнуў на Віцю — той міргаў-міргаў светлымі вейкамі, заплюшчваў вочы, шморгаў малым кірпатым, як у маці, носам. Вось па ўпалай белай шчацэ, па залацістым пушку накацілася сляза. Зрабіла бліскучы раўчучок — ад куточка вока i да аброслай бародаўкі, што вырасла пры самым падбародку.

«Плача... — спавага варухнулася ў Янкавай душы,— Відаць, не хоча браць тую, прудскую... Ці пячэ крыўда ад бацькавых зняваг? Нe хлопец, а баба! Паніч, як кажуць у вёсцы... Агрызнуўся б раз добра, гыркнуў бы — дык стары i асекся б, не разяўляў бы без дай прычыны зяпы...»

Нямкевіч гэтаксама пасунуўся да агню, апусціў на агонь ражончык. Сала на абодвух ражнах засквірчэла, запахла соладка i мляўка, начало пакрыху пакрывацца чорнаю лускаю, капаць на галавешкі.

Гарбацэвіч разрэзаў папалавіне качан — той быў мёрзлы. Канечне, памерзлi i яйкі. Каўтнуў сліну. Адвярнуўся.

— Бяры мой аполец i адрэж сабе ды сыну па кавалку,— не паварочваючыся, прамовіў Нямкевіч.— Нa капусце ды яйках i ног не пацягнеш, i вілкі з сенам угору не падымеш. Ды змерзнеш за дарогу.

— Ды не трэба,— неяк паспешна адказаў Гарбацэвіч.— У нас жа i сваё сала дома ест. Але я наўмысне не браў. Пост жа вельмі цяпер.

— Дома, пры лёгкай рабоце, пасці, а тут... Бяры, бяры. Пост — не мост, яго i абысці можна.

Гарбацэвіч паслухаў. Адрэзаў сабе i Віцю па скрылю сала.

«Не так ты, мусіць, баішся грэху,— падумаў Янка,— як скупец са скупцоў. Сам сабе есці шкадуеш».

— Не лі, падла ты, тлушч на агонь,— неўзабаве зноў засыкаў, як гусак, на Віцю Гарбацэвіч.— На лусту тыцкай. Дабро ж! — I, ужо з павагаю ды з паддобрываннем паварочваючыся, паскардзіўся: — Зусім не ашчадныя гэтыя маладыя. Марнатраўцы з марнатраўцаў. Каб даў ім патолю, дык за тыдзень гаспадарку звялі б.

«Ну i аса! — зморшчыўся Янка.— Росту кату па пяту, a злосці, звягі — дык на вялікага сабаку. I родных, i парабкаў пазамучваў работаю ды лаянкаю. Век сіпіць i сіпіць».

— Неяк i яны жыць будуць. Не прападуць,— нібы заступіўся за ix, маладых, бацька.— Мы ж не прапалі i гаспадарак не звялі, хоць i на нас некалі нашы бацькі наракалі. Калі самі чаго ведаць не будуць, дык добрыя людзі падрадзяць.

— Не кажы, Ясь. Людзі — людзьмі. Трэба найперш свой розум, сваю кемнасць да ўсяго мець. Ніхто чужы табе надта не спрыяе. Кожны глядзіць, як цябе абхітрыць, як ад цябе паболей уварваць. Я ж ведаю... Трымаю парабкаў. Каб не пільнаваў дзень i ноч, дык i хату па кутах разнеслі б i прапілі. Ого цяпер людзі! Не дай бог!