Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 7

Генрых Далідовіч

«Баіцца, каб яго Гнядая не падарвалася... — па-свойму зразумеў суседавы захапленні Янка.— Але мала калі скажа тое, што думае. Хітры, як ліс. Як карчмар Шлёма. Не дарэмна ж з тым гешэфты мае...»

Янка зірнуў на аднагодка Віцю — той які ўжо тыдзень няголены, але не з густой шчэццю, як у бацькі ці ў яго, Янкі, а з рэдзенькім светлым пушком пад носам i на шчоках, мала большым, чым у яго сястры, Анелькі, у аблезлай заечай, усё яшчэ завязанай пад падбародкам аблавушцы, у латаных-пералатаных, некалі пафарбаваных сажаю, а цяпер аблезлых портках, нібы жабрак, стаяў i пазіраў на ўсё — на сані з сенам, на агонь, што паспеў ужо раскласці Янка — з абыякавасцю. Янкавага позірку не вытрымаў. Зірнуў, бліснуў бялкамі i апусціў галаву.

«I чаму ён такі белы? — здзівіўся Янка.— Як без крыві. Няўжо туга па скрыпцы ссушыла? Ці якая страшная хвароба ў яго сярэдзіне сядзіць?»

— I сена ў цябе лепшае,— усё яшчэ цмокаў Гарбацэвіч.— Зялёненькае. Трава адна. A ў мяне чорнае. I абы-якое. Горкае. Елка ды бабок.

— Ты, Пётрык, як тая зайздросная баба...— усміхнуўся ў вусы Нямкевіч.— Вот у суседа дык усё большае i смачнейшае... Хоць, помніш, пападдзя на вяселлі нашага Гіполя падпіла i жартавала: мне не трэба мужчына малы, мне не трэба вялікі, мне трэба вясёленькі...

Гарбацэвічу зарвала, як жабе ўзімку.

— Пажылая ўжо ж, халера на яе, а яшчэ гуляе з чужымі мужчынамі,— дадаў Нямкевіч.— Вот i ўчора, казалі, паповы вароты нехта вымазаў глінаю... I прыдумаў жа нехта: абы замужняя баба знюхалася з чужым мужыком ці з хлопцам, дык тут як тут нехта вымажа вароты... Яшчэ так, казаў мой дзед, i за яго прадзедамі было. A ў другіх вёсках, кажуць, вымазваюць вароты гаспадару, чыя жонка скруцілася, дзёгцем альбо сажаю.

Гарбацэвіч зноў памаўчаў, як глынуў язык. Ды што ён мог сказаць? Некалі, як быў малады, i яго вароты вымазвалі глінаю. Стары Нямкевіч, відаць, цяпер успомніў гэта — раптоўна асекся. Праўда-то праўда: ляпнуў лішне, закрануў без дай прычыны ў суседавай душы даўні боль.

— Сена як сена, сусед. Якое вырасла, такое i скасіў,— перамяніў гутарку.— Я ж травы сам не сеяў i ў бога не прасіў, каб на маім кавале вырасла, а а на тваім — не.

Сказаў i сеў каля саней— спіною да сена. Каб не застудзіць плечы. Развязаў торбу, дастаў загорнуты ў беленькі, з файнымі кутасікамі ручнік паўбохана хлеба, a ў чысты, цяпер, праўда, абтлушчаны кавалак кужалю апольчык сала, цыбулю. З павагаю разлажыў усё гэта на ручніку.

Янка сеў па правай руцэ бацькі. Гарбацэвічы — на левай. Сусед гэтаксама развязаў сваю паношаную, палатаную торбу, разгортваючы старыя ашмоткі, пачаў даставаць спажыву: вараныя яйкі, невялікую галоўку кіслай капусты i заткпутыя пакуллем дзве бутэлькі малака. Хлеб у суседзяў быў ацеслівы, здаецца, з перацёртаю лупінаю i з ячмепнымі шаройкамі. Самі сабе есці шкадуюць. Хто-хто, а яны маглі б i добры хлеб мець.