Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 6
Генрых Далідовіч
Бацька не толькі працавіты, але i самаахвярна любіць работу, як той Віця скрыпку. Вось i цяпер стараецца з ахвотаю, з любоўю: падасць — ужо драўлянымі віламі — ахапак сена і, калі Янка прытопча, абыдзе i пільна агледзіць усё, вернецца i то падапхне дзе, то на сябе сена пацягне. Трэба ж ні напусціць, ні зарваць які бок. I самому прыемна, калi ўсё будзе спрытна, i налібацкія ды свае людзі смяяцца не будуць. Увагрэўся, зачырванеўся. Вось на хвіліну запыніўся, адплікнуў гаплік, загарнуў навушнікі ўгору. I цяпер, забыўшыся ды думаючы пра сваё, па даўняй прывычцы ўпірае языком пад верхнюю губу.
Бацька, як i кожны гаспадар, думаў, можа, у гэтыя хвіліны пра хуткую вясну, гадаў, колькі ў ix яшчэ засталося мяхоў бульбы, пшаніцы ці ячмепю, колькі чаго пасеецца i колькі застанецца i ці зойдзе ўсё гэта старое, як i жыта, за новы хлеб. А можа, думаў i пра іншае. Пра старэйшых сыноў, якія, да слова, апошні час прынеслі яму шмат клопатаў.
Янкавы ж думкі ў гэтыя спакойныя, марудлівыя хвіліны перакінуліся на запаветнае. На Мішукову Зосю.
«Чаму яна такая? — разважаў.— Нібы ружа... I файная, i калючая... Вочы красою сваёю адбірае, a ў рукі не возьмеш... З іншымі хлопцамі i гаворыць, i жартуе. Ca мною — не. Сыдземся на якую хвіліну — маўчыць. Загавару — кіне ў адказ два-тры непрыветлівыя словы i ходу».
Бацька перапыніў гэтыя яго думкі — падаў сюды, наверх, гладкую яловую жэрдку.
— Роўна, пасярод кладзі,— напомніў, павучыў як малога.
Янка прымеркаваў, паклаў жэрдку пасярэдзіне, надняў камель, каб бацька зачапіў за яго пастронак. Бацька стаў у перадку, абціснуў абедзвюма рукамі сена, раз-другі на выразанай на камлі ямачцы закруціў пастронак, Янка аблёг грудзінай на жэрдку, націснуў яе колькі мог уніз. Адпусціў. Бацька падштурхнуў камель жэрдкі, пайшоў у хвост саней i накінуў на вяршок вяроўку. Уціснуўшы, завузліў яе. А тады ўзяўся падаваць сена. Каб i лепш укласці, i каб ён, Янка, мог смялей хадзіць туды-сюды, таптаць, не баючыся абсунуць які бок.
«Трэба мне быць смялейшым... — сам сябе павучаў Янка.— Калі буду баяцца, чакаць, што яна пераменіцца, дык яшчэ возьме i прыедзе да яе ў сваты які смелы з чужой вёскі. З Налібак ці з Дзераўной. Там хлопцы баявыя...»
2.
— Во вазок! — цмокаў нізкі, таўсматы Гарбацэвіч, абыходзячы іхнія сані з сенам з усіх бакоў. У руцэ трымаў торбу з харчам. Вярнуўся сюды, да ix.— I спрытны, i добра ўціснуты! Пудоў дык пудоў на ім!
— Вазок як вазок,— нібы з абыякавасцю за сваю работу адказаў бацька.— Колькі там тых пудоў! Добрая капа, не больш.
— Не, Ясь, не кажы,— вялікія лупаватыя Гарбацэвічавы вочы блішчэлі ад зайздрасці. Шчокі з густой сівай шчэццю чырванеліся, як у маладога. I тоўстая кіпка-бульбіна на носе ружавелася.— Не капа. Усе ж у вёсцы ведаюць, якія ты стагі ставіш. I той,— кіўнуў на другі стог,— вялізны. Мае стагі намнога меншыя. Быццам копкі, як ты кажаш.