Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 5

Генрых Далідовіч

Янка пазіраў-пазіраў удалячынь, а пасля адчуў: ужо не толькі здзіўляецца, хвалюецца, але пачынае i разгублівацца, нібы меншаць, нікнуць ад адчування вялікасці свету, вялікасці нечага багацця, нечай улады. I ад нейкай незразумеласці ды глыбока схаванай несправядлівасці. Бо што ні кажы, a ў жыцці яе вельмі i вельмі шмат. На кожным кроку. Усё гэта не толькі ўражвае, але i прыгнятае. Цяжка, непасільна, пакутліва i паныла. Ён сагнуўся i пачаў спіхаць, скідаць уніз зляжалыя шчынкі — пласты — сeнa. Праўда, ні ад хвалявання, ні ад прыгнечанасці не пазбавіўся.

П'янеючы ад пахкага сена ды раз за разам чмыхаючы ад пылу, моўчкі развярнуў стог ледзь не да сярэдзіны — датуль, куды бацька з зямлі можа дастаць віламі. Затым скокнуў долу, на скінутае сена. I там ужо, на зямлі, развязаў шнуркі, падняў угору навушнікі аблавушкі — увагрэўся.

Пакацілася па лесе рэха — закрычаў на сына стары Гарбацэвіч. Янка зірнуў туды: Віця ніяк не мог узабрацца на стог. Лез i споўзваў уніз, колькі бацька ні папіхаў яго. Розныя яны, гэтыя Гарбацэвічы. Бацька — невысокі, таўсматы, цягавіты, упарты, жорсткі, не дурны (у Янкавінах не казалі, што ён разумны, а якраз «не дурны», бо недзе нечага кропельку яму не хапала, каб пра яго мелі лепшую думку), а сын — высакаваты, чуллівы, але слабы, маўчун i няўдаліца. Больш такіх цельпукоў, як ён, бадай, у вёсцы i няма. У маленстве, навучыўшыся ад дзеда, любіў іграць па скрыпцы. Зашыецца ў які куток i журботна пілікае, схіліўшы галаву на плячук ды заплюшчыўшы вочы. Дык бацька, калi памёр дзед, прадаў карчмару Шлёму скрыпку, баючыся, што сын праз яе адаб'ецца ад гаспадарскай работы: Віцю пaсля дзедавай смерці пачалі запрашаць іграць на вяселлях. У Янкавінах спрадвеку казалі: з музыкі, з рыбака i млынара не будзе гаспадара. А як адабралі скрыпку, дык Віця зрабіўся ціхі, нелюдзімы. Рабіў усё па гаспадарцы, здаецца, толькі пад прымусам, без ніякай ахвоты. Часта, як бачылі, хадзіў i падоўгу стаяў каля Гаспадара-каменя.

Гарбацэвіч са злосці аперазаў сына вілкамі па спіне. А пасля адштурхнуў i палез сам. Сарваўся. Зноў пакараскаўся. Закрычаў, каб сын падапхнуў. I ўзлез. Як кот на гладкі слуп.

— Жылісты яшчэ, халера! — усміхнуўся стары Нямкевіч.— Насмалі далоні, дык i чорта за хвост утрымае.

Янка стаў на сані. Бацька — рукамі — пачаў класці на краі развалак i пасярод ix тоўстыя шчынкі сена. Дарога далёкая — трэба добра зладаваць, каб сані не заносіліся ўбок, не перакульваліся на паваротах. Хоць Янка ўжо сталы, але самую важную гаспадарчую работу бацька ўсё яшчэ бярэ на свае рукі — сее, клепле косы, копіць i стагуе сена, сам думае, колькі i што сеяць ці трымаць з быдла, а што збыць. Яго слова ў хаце — закон. Хоць ён i не назола, як сусед. Лічы, позіркам ці адным-двума словамі камандуе: схадзі туды, падай ці зрабі тое i тое.