Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 60

Генрых Далідовіч

Верка маўчала. Суцішыла плач, але не зусім супакоілася, усё яшчэ была ашаломленая.

— У суботу, як сцямнее, зноў прыходзь у восець,— сказаў на развітанне.— Цяпер мы, лічы, муж i жонка...

Яна зноў нічога не прамовіла. Не пачакала, каб ён прытуліў зноў, адрачона пасунулася ў свой цёмны двор.

РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ

1.

Да Вільні Алесь пад'ехаў на світанні.

Ён быў ужо тут колькі разоў, дык i ў ранішніх суцемках пазнаваў адмысловыя віленскія пагоркі, бачаныя ўжо хаты, дрэвы, слупы. Прыгарад — не ў прыклад прылеглым вёскам — быў не цёмны, а шчодра асвечаны. I чым паглыбляліся ў Вільню, чым вышэлі дамы, тым было святлей.

Цягнік усё сцішаў i сцішаў ход, урэшце паторгаўся, спыніўся, i Алесь ca сваім пляцаком падаўся з вагона. На пероне ix, пасажыраў, чакалі ўжо лянівыя, абыякавыя, але, здаецца, ганарлівыя насільшчыкі з каляскамі, выцікоўваючы багатых кліентаў. Алесь абмінаў ix i ішоў услед за стракатым па адзенні i паходжанні людам з вагонаў трэцяга класа да падземнага тунеля, што вёў на вакзал i ў горад.

Адчувалася: тут ужо i ў ранне шматлюдна, гармідарна. Перад вакзалам шныпарылі шустрыя газетчыкі, з першага позірку, здаецца, ведаючы, каму i якую параіць газету. Адзін прычапіўся i да яго:

— Купеце, пан харошы, «Новое время» i «Виленский вестник».

— А «Нашу ніву» маеш? — запытаў Алесь прыпыняючыся.

— Не-е,— заківаў той галавою.— Але яна ё ў кіёску.

— Беларус? — беручы газеты, усміхнуўся Алесь.

— Не-е. Ліцвін.

— Літовец?

— Не-е. Ліцвін.

Прасілі сысці з дарогі насільшчыкі, везучы ад багажнай каморы валізкі на калясках да цягніка, якога яшчэ не было тут, але які, відаць, вось-вось павінен быў падысці, а ля парога стаяла групка апратных, выгаленых людзей з надпісамі гасцініц на залатых абручах чырвоных шапак, выкрыквала назвы тых гатэляў — на рускай мове, але хто з беларускім, хто з літоўскім акцэнтам. Мінуўшы ix, Алесь зайшоў у вакзал.

Мінуў залу i падышоў да кніжнага кіёска. Якраз там статная, паглядная маладзіца разразала ножыкам вяровачкі, распакоўвала папяровыя пачкі, брала кіпу газет, лажыла яе пасярэдзіне на сагнутую руку, хуценька лічыла правіслыя канцы i, падлічыўшы, клала газеты на прылавак. Ля кіёска стоўпіўся гурт інтэлігентных людзей. Стаў за высокім чыноўнікам-юрыстам i ён, пачаў чакаць. Спяшацца не было куды: родзічаў у Вільні не меў.

Праўда, ён ведаў тут двух землякоў, з Налібак, i сяброў. Да землякоў у апошнія гады ён стараўся не заходзіць: i Адам Зялёнка, былы пастаўнік, удзельнік паўстання 1863-1864 гадоў, вярнуўшыся з Сібіры, i яго сям'я адцураліся ад сваіх былых ідэалаў i сустракалі з непрыхільнасцю ды з недаверам, a Фелікс Ключнік, былы студэнт Пецярбургскага універсітэта, нарадаволец, звар'яцеў i нікога не пазнаваў. Да сяброў, Мухі ды Лідскага, не хацеў ісці зранку. З ахвотаю пайшоў бы да Васілевіча, каб той меў, як Муха i Лідскі, свой дом, але Васілевіч наймаў у чужых людзей невялічкі пакойчык, цеснячыся ў ім з немалою сям'ёю, дык не варта было яму надакучаць. Сустрэнецца ўжо з ім пад полудзень — у рэдакцыі.