Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 61
Генрых Далідовіч
Калі праз хвілін дваццаць дачакаўся сваёй калейкі, папрасіў «Нашу ніву». Маладзіца са здзіўленнем зірнула на яго, па прыкладзе некаторых іншых кіяскёрш перасцерагла:
— Пан ведае, што гэтая газэта папросту?
Ён кіўнуў галавою.
Яна пакорпалася сярод кіп, пасля дастала спадыспаду тонкі стосік, падала газету з усмешкай:
— Калі ласка.
Ён падзякаваў, аддаў плату. Кіяскёрша паклала тоненькую кіпку навідавоку, усміхнулася ўжо нова му пакупніку:
— I вам, пане, такую газэтку?
— Нe, не!— той аж закрыўся рукамі.— Я не любіцель такога выдання.
Алесь адышоў.
Рашыў не ацірацца тут, не знаходзячы сабе кутка, a выйсці на свежае паветра. На марозік.
На дварэ ўжо было амаль светла. Вулічныя ліхтары былі патушаныя.
За вакзалам, чакаючы пасажыраў, бавілі час возчыкі. Хто сядзеў на фурманцы, пацепваючы плячыма ад холаду, хто гаманіў, сабраўшыся ў гурты. Калі ж услед за Алесем падышоў да ix важны пан у бабровай шапцы i ў футры, дык i з аднаго гурту, i з другога загаварылі з ім па-польску: пан быў паляк. На яго ж, на Алеся, з абодвух гуртоў зірнулі абыякава, нагледжаным ужо вокам адчуваючы, што яму возчыкі не трэба. Алесь заўсёды здзіўляўся гэтаму спрактыкаванаму ўменню гараджан: шмат ix, не ведаюць адзін аднаго, але чуйна, выдатна адчуваюць, хто ёсць хто, на адзенні, звычках, манеры размаўляць. Як i здзіўляўся, як спрытна ўмеюць усе гараджане — надта перад вясковым простым людам, увогуле правінцыяламі — пусціць пыл у вочы, мець у кішэні капейку, а падаць сябе чалавекам з туга напхапым кашальном, i яшчэ да гэтага разумным, усёведайкам. Мешчанін есць скарынку, запівае вадою, спіць на падлозе, на саломе, як i каторы селянін, але выйдзе на вуліцу паголены, у сурдуце, задзярэ галаву — дык i пан! Ён жа мешчанін! Тут няма той шчырасці, блізкасці i ўзаемапаразумення, што ў вёсцы. Гэтая гарадская пыха заўжды вельмі прыгнятала Алеся.
З боку фурманак стаялі пустыя яшчэ будкі. Паселіцца ў ix шум удзень, калі тут пойдзе бойкі гандаль. Цяпер каля адной з будак тупаў толькі дворнік, вусаты стары дзядзька ў шэрым халаце — біў ломам яшчэ асенні, брудны лёд i спіхаў яго рыдлёўкаю за будку, да ладнай ужо кучы.
Алесь перасек прасторную, ужо без снегу, а сям-там i без лёду плошчу i падаўся да Вострай брамы. Тут была святыня. I яе паважалі ўсе веруючыя.
Алесь крыху паназіраў, як ужо i цяпер стаялі на каленях i маліліся людзі, пасля паблукаў да цэнтра горада, да зліцця Вілейкі i Віллі, да высачэзнай круглай Замкавай гары — улетку падобнай на велізарны стог сена, а цяпер, узімку, не такой пышнай, крышку сумнай. Кожны госць, відаць, жадаў трапіць сюды, да падножжа i высокай гары, да старой вежы, да гарматы, што кожны дзень роўна а дванаццатай гадзіне бухала на ўвесь горад. З гары можна было ўбачыць, лічы, усю Вільню — плён розуму, працы літоўцаў i беларусаў, іншых народаў за некалькі стагоддзяў.
Алесь не быў ні ў Кіеве — бацьку гарадоў усходнеславянскіх, ні ў Маскве ці Пецярбурзе — гэтаксама, як кажуць, вельмі прыгожых гарадах. Ён бачыў толькі Віцебск, Мінск, Смаленск. Яны спадабаліся яму, хоць нічым падта не здзівілі, не зачаравалі. Болей здзівіў, адабраў душы Полацк — стары горад, як лічаць, равеснік сівога Кіева. У Полацку, надта ля вялізнага каменя са старажытным падпісам, ля Сафійскага сабора, што пачынаўся будавацца яшчэ на самым пачатку адзінаццатага стагоддзя, ля Спаса-Ефрасіннеўскай царквы дванаццатага веку, дзе ў невялічкай келлі жыла, малілася за людзей i працавала слынная Ефрасіння Полацкая, адкуль выйшлі майстра залатых рук Лазар Богша, беларускі першадрукар Скарына, выдатны вучоны, асветнік Сымон Полацкі, ля старажытных муроў, камяніц, гарадзішча Алесь кожнаю жылкаю адчуваў: некалі тут было моцнае княства, была вялікая культура, але па волі нешчаслівага лёсу княства не ўстаяла, заняпала, а культура была раскрадзена, занядбана, стаптана, апаганена i забыта. У Полацку пахавана, спіць вечным сном самабытная, можа, найменш ваяўнічая за сваіх суседзяў краіна, што не адбылася, i на надмагільнай пліце яе няма нават надпісу, у Полацку пад пылам, забыццём, здзічэлымі селішчамі бруіцца крыйіца, i яе ўжо ніхто не бачыць, не ведае, i яна, можа, за апошпяе стагоддзе пачала выбівацца аж у Вільні, спрабуючы выліцца там у новую раку... Полацк жыў, ныў у Алесевым сэрцы, але... Трэба ўжо не столькі стагнаць, прыкрывацца сваёй шматпакутнасцю, а болей дбаць пра сваё новае...