Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 59

Генрых Далідовіч

Зося не паспела нічога адказаць: пачуўся нечаканы стук у раму кухоннага акна. Рэзкі, адрывісты.

— Зося!— данёсся сюды глухаваты з-за сцяны Мішучышын голас.— Дзе ты там дзелася, каб ты не даждала! Ідзі ў хату!

Яны мігам адхінуліся адно ад аднаго. Збаяліся абое выкрыцця i кары. Як дзеці-свавольнікі.

— Ці чуеш ты, паненка! Ідзі ў хату! Бо калi выйду зараз з чапялою, дык i на табе, i на тваім кавалеру паламлю яе! Нагуляю! Пабуркачу! Катэ марцовыя!

— Бяжы, Яначак! — зашаптала Зося.— I не каля акон, а скачы праз плот у поле...

— Дык выйдзеш заўтра ўвечар пад грушу?

— Выйду, Яначак. Выйду. Бяжы!

Ён раптоўна абняў яе, прыпаў да вуснаў, i яна — о дзіва! — паслухмяна дала ix, халодныя, трапяткія. На міг. Тут жа адштурхнула — i ён, наструнены ад страху ды ўражаны Зосіным пацалункам, гойснуў, як сам не свой, да блізкага плота. У цемру ночы.

5.

У восеці, што стаяла воддаль i ад хаты, i ад вёскі, была цемнач. Як пальцам у вока. Уладак патраціў шмат слоў, сілы, каб заманіць сюды Веру. У гэты ж вечар, у тыя хвіліны, калі Янка Нямкевіч затрымліваў на лагчыне Мішукову Зосю.

Уладак i Вера сядзелі на лаўцы ў тым закутку, дзе стаяла паблізу невялікая печ, цяпер халодная. Дык тут было настыла, як у лядоўні. Пахла некалішнім лёнам, канопляю, атрэп'ем, мышамі, а гэтаксама i нежылым духам запавуціненай будыніны.

Сёння Уладак быў ужо хітрэйшы: не ціснуў без дай прычыны Верку, не выкручваў ёй рук, не ляпаў крыўдлівыя словы, a заліваўся салаўём: гаварыў ціха, нават пошаптам, ласкава, кляўся, што без яе не можа жыць. Але, надзіва, гэтая пяшчота больш палохала Веру, чым яго ранейшая грубасць. Можа, i таму, што грубасць была заўсёды шчырая, а яго ласкавасць падманлівая, хітрая. Раз за разам Вера імкнулася пайсці адгэтуль, з яго пасткі, не дазваляла абдымацца. Hi вучаная пападзянка, ні іншаверка Шлёмава дачка не былі гэткія асцярожныя i ўнартыя.

— Верачка! — зноў прашаптаў ён тым голасам, ад якога, ведаў жа добра, аж млеюць дзяўчаты.— Ну чаго ты ўсё баішся мяне? Няўжо думаеш, што падману, кіну? Не. Я ж толькі цябе хачу ўзяць замуж. Адну цябе, чуеш? — пацалаваў. Яна адказала па яго пацалунак, але была напагатове.— Мілая мая, харошанькая, дарагая!

Безупынку шаптаў, цалаваў i, здаецца, памалу затуманьваў ёй розум, дабіваўся слухмянасці i пакоры.

Неўзабаве яна нібы страціла сілу, не супраціўлялася, толькі ціхенька ды жаласна прасілася, але ён не зважаў на яе просьбы...

...Пазней, калі пакінуў яе ў спакоі, хацеў хутчэй пазбавіцца, сысці адгэтуль. Ведаў: трэба будзе шмат супакойваць, зноў гаварыць ласкавыя, пяшчотныя словы. Ды толькі цяпер казаць ix не хочацца.

Вера не падымалася. Ляжала i плакала.

— Ну не трэба...— прамовіў нехаця, дзеля адчэпнага пагладзіў па плечуку.

— Якая я брыдкая! — паскардзілася, а заадно i паганіла сябе.

— Вот выдумляеш, пляцеш абы-што...— буркнуў.— Супакойся, усё будзе добра... Чуеш?

Не слухала, не, магла стрымаць слёзы ды адчай. Выйсця не было, пачаў супакойваць.

I пасля, калі вёў яе, ціхую, пакорлівую, дадому, вучыў:

— Толькі ж ты нікому нічога не кажы. Нi маці, нi сяброўкам сваім. Разнясуць па вёсцы — толькі перашкодзяць нам... А так усё будзе добра. Паходзім крыху, пагуляем, а тады... Ну, увосень якую i пажэнімся...