Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 58
Генрых Далідовіч
— А можа, ты да якой другой хочаш хадзіць? — усміхнулася.— Да Волькі ці да Веры? Ці да малодшай пападзянкі?
— Не! — усклікнуў.— Я не хачу да ix хадзіць!
— Ціха ты! — сыкнула.— Раскрычаўся!
— Я не крычу. Я толькі гавару.
— А можа, да Кацярыны Сяргеенкавай хочаш хадзіць?
— Не. Ды як я магу да яе хадзіць? Яна ж замужняя...
— Бывае, i да замужніх хлопцы ходзяць. Уладак жа летась да сваёй суседкі падходжваў... Як памазалі вароты глінаю, дык уцякла ў Пруды, да бацькоў...
— Можа, хто i хадзіў ці ходзіць. Але я не хачу так...
— А харошая яна, праўда? — запытала з захапленнем.
Прамаўчаў.
— Самая харошая ў нашых Янкавінах,— пазайздросціла.— Нe дзіва, што Алесь ваш, чалавек вучаны, з добраю душою, яе некалі так упанаравіў! Красуня, што ні кажы!
— Уга,— не згадзіўся.— Ест i харашэйшыя.
— Хто ж? — здзівілася.
— Ваша Галена i ты...
— Скажаш! — нібы не згадзілася, але, здаецца, узрадавана.— Хіба ў нас такі далікатны твар, такія беленькія ручкі? Хіба мы такія вучаныя, культурныя, так файна апранаемся? Яна як пані, а мы... Мы простыя...
— Хай сабе i простыя, але сяроўна самыя паглядныя. Усе ж так кажуць. А Кацярына, можа, i пані... Бо ні змалку, ні цяпер не робіць нашай работы. Не жне, не грабе, не ходзіць каля быдла. Дык не дзіва, што ў яе ці ў пападзянак беленькія ручкі. Бо яны — гультайкі...
— Які хітры! — прамовіла гарэзна.— За вочы нагаворвае, a ў вочы лістам сцелецца! Вот i нядаўна, казалі дзяўчаты, ты з Кацярынаю як спаткаўся, пасміхоўваўся...
— Не...
— Скажаш, не бачыўся? — прыстала.— Будзеш яшчэ маніць?
— Яна сама перастрэла мяне, запыніла,— пачаў апраўдвацца, як грэшнік.— Пра Алеся нашага пытала... Яна не толькі ў мяне, але i ў нашай Кастусі пытаецца пра яго.
— I чаго яна хоча? — Зося запытала паспакайнелым ужо голасам.— Апраўдацца?
— Можа... Але ўсяго ў вочы не кажа. То ўздыхае, то хліпае, то як бы ненаўмысля прызнаецца, што яна ненавідзіць свайго Арнольда...
— Цяпер, можа, i ненавідзіць. Але ж гэтак пагана абышлася з вашым Алесем...— з абурэннем загаварыла.— Як толькі яго звольнілі са школы, дык яна i шмыгнула да другога.
— А ты?
— Што — я? — здзівілася.
— Шмыгнула б?
— Я — не! Каб аднаму паклялася ўжо, дык...
— А ты нікому яшчэ не клялася?
— А каму ж я магла паклясціся? — усміхнулася.
— Можа, Уладаку? Са шляхты ж!
— Таму, скалазубаму? — запытала зняважліва.— Ён жа брахун, хвалько! Ён жа каля Веркі ўецца як уюн.
— Можа, хочаш, каб да цябе хадзілі Дзежка ці паштавік Гарбук?
— От кажаш! — абарвала Зося, гэтымі словамі нібы мёдам мажучы яму па сэрцы.— Сяргеенкавы падбрэхічы! Ганарыстыя дурні! З ix жа смяюцца ўсе.
— Дык давай каля вашай грушы за гумном сыходзіцца! — прашаптаў ён радасна, сціснуў.— Кожны вечар!
— Туляцца па загуменні? — усміхнулася.
— Ты ж не хочаш, каб я ў хату заходзіў...
— Не.
— Дык выйдзеш заўтра, калі сцямнее, за гумно?— мацней сціснуў, што ёй, можа, было цяжка не тое што адказаць, але i дыхнуць.
— Ну i сілішча ў цябе! — хіхікнула.— Пусці, дай дыхнуць.
— Кажы: выйдзеш? Паклянешся, дык адпушчу.