Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 62

Генрых Далідовіч

Шмат было прычын, але Алесь, паважаючы i нябачаныя i бачаныя ім гарады, шчыра лічыў: самы даpaгi для яго, самы прыгожы горад на свеце — Вільня. Ён разумеў, што, можа, i памыляецца, шмат яшчэ чаго не пабачыўшы на свеце, як, мала ведаючы, яго бацька шчыра лічыць, што самы файны горад — Нясвіж, а той-сёй з вёскі — Новагародак. Тыя гарады, значыць, дзе ім выпала быць.

Пазней Вільня не толькі прыемна ўражвала, але i цяжка азмрочвала — тым, што ён убачыў за бляскам, раскошаю. Але гэтае прыгнечанне не адварочвала ад Вільні — не, станавілася болем яго душы.

У Вільні жыло нямала люду розных пацыянальнасцей, але, бадай, нідзе гэтак не пагарджалі ды не здзекаваліся «вышэйшыя» з «ніжэйшых», як тут. Можна было здзіўляцца i здзіўляцца, як яшчэ здольваюць «ніжэйшыя» не толькі выжываць пад цяжкім i змрочным покрывам рэакцыі, але i прабівацца на свет божы парасткамі духоўнай творчасці, веры i надзеі, чалавекалюбства! Сціплае, мужнае тое імкненне вабіла не адну душу, запальвала свечачку жыцця. Як нi намагалася цемра праглынуць, патушыць святло, ды не магла: як кажуць мудрыя людзі, чым гусцейшая цемра, тым далей i лепш відаць нават маленькі агеньчык...

Вільня прачнулася, прыйшла ў pyx. Насустрач Алесю па вуліцы пнууся ламавоз, цягнучы на вялікім возе з гумовымі коламі гapy ўсякіх кулёў, скрынак. Побач з возам клыпаў светлавалосы абадраны i брудны вознік. Падыходзячы да Вострай брамы, зняў шапку. Ад вакзала ляцелі сюды гудкі паравозаў, з горада — сірэны заводаў, аўтамабіляў, людскія крыкі. Адным словам, пакрыху ўсталёўваўся звыклы гарадскі гул, які потым будзе стаяць увесь дзень i ў водгаласе якога пасля не разбярэш, што гудзе.