Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 42

Генрых Далідовіч

Спяшаючыся, Алесь мінуў чамусьці сёння не асветлены, а цёмны ўжо дом Сяргеенкаў. Яго звычайна — ці то ўдзень, ці то ўночы — мінаў з вялікім хваляваннем. Шмат разоў хадзіў ён сюдою паблізу, а то нават i ў гэты дом, куды цяпер яму няма ходу. Цяпер там паходжвае іншы. Яму, іншаму, дорыць Кацярына маладосць, сваё каханне. Сёння, аднак, усе яшчэ не зарубцаваны боль не засадніў. А можа, яго проста не адчуў, думаючы пра іншае. Завіхаючыся, ён мінуў Сяло, шумлівую хату Сцяпана Супраневіча, прыйшоў у Засценак, да флігельчыка, дзе ў адной палавіпе жыў пісар Дзяжко, у другой — Чарноў.

У хаце Чарнова яшчэ гарэла святло. Яно звычайна свяцілася позна, пазней, чым у каго ў вёсцы, бо Чарноў, халасцяк, чалавек кампанейскі, любіў прымаць гасцей, i госці любілі ў яго атабарыцца. I Дзяжко, i паштавік Гарбуковіч, i ўраднік Петухоў — халасцякі — любілі спажыць гасціннасць, а то i цягу Чарнова да чаркі — пасвіліся тут, пакуль былі ў гаспадара грошы. Абабраўшы, яны цураліся Чарнова, а ён не кідаў піць — браў гарэлку за свае візіты да хворых ці ў доўг у карчмара Шлёмы. У апошні час, казалі, усё больш i больш прызвычайваўся піць адзін.

I цяпер, увечар, хтосьці быў у Чарнова з гасцей, бо з хаты чуўся гоман. Алесь не мог сабе дазволіць пастаяць, падслухаць ці выцягнуцца, стаць на дыбачкі i падцікаваць у завешанае толькі ніжнімі фіранкамі i чамусьці падмерзлае толькі знізу акно — пайшоў у дом.

У хаце па яго сэрцы сцебанула пачуццё прыкрасці: тут, у пярэднім пакоі з невялічкай печчу, кухонным сталом i крэсламі, над вісячай лямпай насупраць Чарнова сядзеў Лядзяш, той грозны Лядзяш, што напісаў «куды трэба», як гаварыў на Шубіне Гарбацэвіч, i Алеся звольнілі з работы.

Лядзяш — незвычайная асоба. Раней пра яго ў Янкавінах ніхто не чуў, не бачыў у вочы. Ён заявіўся тут гады тры назад з бяздзетнай, ціхай, далікатнай жонкаю, купіў дом у Засценку i асеў, здаецца, навек. Яго, афіцэра, казалі, прагналі са службы за крадзеж вайсковай маёмасці i за п'янства.

У Янкавінах Лядзяш павёўся дзіўна альбо нават i небывала — пачаў «выпраўляцца», са страсцю i з настойлівасцю наводзіць «казармавы», як гаварылі, лад у воласці, дабівацца ад усіх адданай веры i любові да «веры, цара i Айчыны» — да таго, каму сам шмат нашкодзіў. Кожны выпадак у воласці, a ў Янкавінах найперш,— побытавы, антымаральны ці антыідэйны — не абмінаў яго ўвагі, на кожным ён намагаўся «прыняць меры» — адчытваў, дакладваў начальству, пісаў у павет i губерню. Простыя людзі адразу ж неўзлюбілі раз'юшанага «абаронцу», аблаялі за вочы — набрыдзь. Тутэйшае начальства спачатку глядзела на такое «рвение» Ледзяша як на «патрыятызм», падхвальвала. Але паволі начало бачыць, што i як робіць гэты «верны сын», бо ў апошні час той усё больш i больш пускаў стрэлы i ў яго — у айца Феадора, валаснога старшыню Сяргеенку, пісара Дзяжко, паштавіка Гарбуковіча, урадніка Петухова i настаўнікаў, папікаючы ix усіх у «недастаткова прыкладным служэнні». Скардзіўся на ix у павет, a калі, як лічыў, павет марудзіў, не караў, дык скардзіўся ўжо на павет у губерню. I няўрымслівасці гэтай, здаецца, не было відаць канца.