Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 40

Генрых Далідовіч

На дварэ было не вельмі цёмна, але холадна. Цяў сакавіцкі мароз. Рыпеў снег. Здаецца, на ўсю вёску.

У хляве пабольшыў у ліхтары агонь. Захваляваўся: каля бурай каровы ляжала гэтакае ж бурае цяля, а сама карова якраз пазбаўлялася ад паследу. Добра, што паспеў у час. З'ела б Лялька гэты паслед — сапсавала б, як кажуць, надоўга малако.

«Дай бог, каб цялушка! — падумаў, зачыняючы за сабою шчыльна ўцепленыя саломаю дзверы.— Была б Зосі ў пасаг... Не сёлета, дык налета пойдзе ўжо замуж...» Па яго i жончыных назірках Лялька павінна была ашчаслівіць ix якраз цялушачкаю: была не жвавая — на бычка, а цяжкая, марудлівая — на цялушачку.

Мінуў загарадку, дзе ляжаў конь, уваншоў у кароўскую загарадзь. Пастаяў, любуючыся на рыжае — ад Нямкевічавага быка — цяля, пасля прыбраў паслед. Карове, здаецца, пайшлося ўсё добра, яна даволі моцна стаяла на нагах i цяпер адразу, павярнуўшыся, пачала аблізваць цёплае вільготнае цяля.

«Усё ж халаднавата ў хляве,— падумаў.— Змерзне гэтае немаўлятка. Трэба забраць яго ў хату».

Але адразу не браў, чакаў, калі цяля акрыяе, стане на ногі i смактане матчынага малака — адчуе голад i смак, будзе па-добраму ужо сапраудны жылец на гэтым свеце.

Агледзеў: цялушачка! Дзякуй богу! Пачуў заступнік іхнюю просьбу, уважыў!

Пасля, калі цяля падалося, начало станавіцца на пярэднія ногі, шкрэбацца, але i тут жа падаць, тыцкацца мордачкаю ў дол, памог яму, кволаму, падняцца, падапхнуў да вымя. Цяля ўткнулася, смактанула i, як дзіця, папярхнулася.

— Эх ты! — усміхнуўся.— Недарэка!

Калі цяля здаволілася i мацней стала на тоненькія ногі, падхапіў i, укрываючы поламі кажуха, панёс яго, усё яшчэ цёплае, жаданае, мілае, у хату пад жалобны i трывожны каровін мык.

— Ну хто? — запытала ў хаце жонка, відаць, прачнуўшыся ад яго тупату ў сенцах, ад бразгання клямкаю.

— Цялушачка! — адказаў, несучы цяля на загадзя прыгатаваную каля печы пасцель з саломы i лахманоў.

—Дзякуй богу! — перажагналася жонка.

— Толькі ж заутра нічога нікому не пазычай,— перасцярог.— Уведаюць, што карова ацялілася, дык каторы наўмысле прыйдзе нешта пазычыць.

— Ну што я — дурная?

— Будзе нашая паненка з пасагам...— парадаваўся, апускаючы цяля долу.

A іхняя паненка моцна, па-маладому спала, i, каб хто зблізку зірнуў на яе, дык убачыў бы: яна ўсміхалася ў сне.

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

1.

— Алеська, сынок,— яшчэ ў парозе спаткала яго з бедаваннем Собаліха,— ды наш жа Юры гарыць, як жар... Бедненькі, i ночачку, i сёння, цэлы дзень, як полымя палае...

Алесь адразу, не скідаючы паліта, уздоўж шырокай, пацямнелай за зіму печы, пліты, на камінку якой дымела лучына, а пасля пасярод вялікай, на адну палавіну, хаты падаўся да супрацьлеглай ад парога, малаасветленай, са сполахамі ад скупога агню сцяны — да драўлянага ложка. На ім, накрыўшыся i коўдраю, i кажухом, ляжаў у паўзмроку Собалішын кватарант. Яго лоб быў захінуты ручніком,— відаць, змочаным у халоднай вадзе. З-пад краю ручніка тырчэлі востры прамы нос, вусы i вузенькая бародка-клінок.