Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 41

Генрых Далідовіч

Падышоўшы, Алесь запыніўся. Падумаў: можа, Казлоў спіць, дык няхай адпачывае. Кажуць, у сне чалавек лягчэй пераносіць хваробу, хоць i сняцца тады яму трывожныя i пагрозныя сны.

— Добры вечар, Аляксандр Іванавіч,— аднак ціха прамовіў той,— сядайце, калі ласка, i прабачце велікадушна, што я сёння такі...

— Добры вечар, Юры Васільевіч,— адказаў Алесь, назіраючы, як хворы прыпадымае ручнік, паказвае запалыя, цёмныя (а яны ў яго звычайна блакітныя) вочы, высокі прыгожы лоб. Пa слабым голасе адчуў: у Казлова сапраўды вялікая тэмпература.— Прабачце, вы пасылалі па Андрэя Мікітавіча?

— Не. Мяне цётка Франя лечыць,— адказаў той.— Зёлкі парыць, малако з мёдам дае. Андрэй Мікітавіч, кажуць, сам хварэе...

— Дарэмна, Юры Васільевіч, вы так не шануецеся,— паўшчуваў Алесь.— Калі Андрэй Мікітавіч не даў бы рады, дык завезлі б вас у бальніцу ў Налібакі. Зёлкі зёлкамі, а вам, можа, трэба i большая помач.

— Ці варта вам так клапаціцца, даражэнькі? Хто я вам? Родзіч? Аднадумец? Чужы, лішні чалавек...

— Пасля разбяромся, Юры Васільевіч, хто мы... Цяпер трэба вас ратаваць, не запускаць вашай хваробы.

— Яна запушчаная ўжо, даражэнькі,— уздыхнуў Казлоў, выцягнуў уздоўж цела доўгія, з тонкімі худымі пальцамі рукі, чамусьці саромеючыся трымаць ix на грудзіне.— Хранічнае запаленне лёгкіх — пакуль што мой самы трывалы пабытак за апошнія гады... Таежны падарунак...

Алесь, як ні затрымліваў яго Казлоў з просьбамі ды выбачэннямі, зноў падаўся на двор. Па Чарнова. Ішоў хутка па рыпучым снезе, у марозную цёмную ноч. Адчуваў трывогу з-за хворага — як з-за блізкага ці роднага нямоглага чалавека, хоць ведаў таго ўсяго трэці месяц. Трывога тая была, можа, i з-за дабрыні, адзінокасці, бездапаможнасці i ў той жа час вялікай духоўнай сілы Казлова. Ён спадабаўся Алесю. Сваёй чалавечай мужнасцю, вернасцю сваім ідэалам.

Казлоў — пра яго, «бунтара супраць заведзеных богам парадкаў», высыльнага, гаварыў Нямкевічам Гарбацэвіч на лузе — жыў тут, у Янкавінах, з каляд. Яму, масквічу, яшчэ два гады таму дазволілі выехаць з далёкага Табольска, але не далі згоды вярнуцца адразу ў Маскву, дзе Казлоў i жыў, i рэвалюцыянерыў, браў удзел у падзеях 1905 года, змусілі запыніцца спачатку на поўдні, а пасля тут, у Паўпочна-Заходнім краі,— хацелі патрымаць у розных мясцінах з розным кліматам. Быў ён чалавек сярэдніх гадоў, недзе пад сорак, невысокага росту, русявы, падслепаваты (амаль нічога не бачыў без акуляраў), спакойны, адзінокі. Старэнькія яго бацькі, як расказваў, памерлі ўжо ў невялікім сяле пад Арлом, а жонка, як толькі саслалі яго ў Сібір — маці i мачаху ўсіх высыльных,— адраклася ад яго i выйшла замуж у Маскве за паліцэйскага ротмістра, за таго чалавека, які ў свой час вёў допыт Казлова.

«Мы з вамі абодва, даражэнькі, адрынуты i Мікалаем Другім, i кабетамі...— нядаўна з горкай усмешкаю гаварыў гэты Казлоў Алесю.— А гэта значыць, што мы цалкам выбіты з жыццёвай каляі...»

Алесь ні раней, ні цяпер не меў цягі ўступіць у якую-небудзь палітычную партыю, але з бальшавіком Казловым блізка сышоўся. Упадабаў за розум, бываласць, культурнасць, за сумленнасць. За апошні час яны нямала пагаварылі пра жыццё-быццё, пра гісторыю чалавецтва, Расійскай імперыі, яе народаў, пра падзеі пачатку гэтага стагоддзя, пра партыі i іхнія праграмы. На шмат што яны мелі адну думку, па сім-тым не згаджаліся адзін з адным, спрачаліся — надта па гісторыі ўсходніх славян. Нa тое-сёе, што дзеялася ў сівую даўніну, мелі розны погляд. Але спрэчкі, як часта бывае, не зрабілі ix ворагамі. Наадварот. Здаецца, абодва захацелі яшчэ бліжэй сысціся, яшчэ болей пагаварыць, яшчэ болей уведаць. Казлоў падрадзіўся даваць яму чытаць крамольныя кнігі, а ён, Алесь,— кнігі па гісторыі краю, па яго культуры. У дадатак Казлоў з ахвотаю ўзяўся вывучаць беларускую мову. Ды да Казлова прыходзіў по толькі адзін Алесь. Заходзілі вечарамі i іншыя янкавінцы — паслухаць новага ў вёсцы, бывалага чалавека i пагаварыць.