Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 44

Генрых Далідовіч

— Якая к чорту місія! Дурасць!— перапыніў яго Чарноў.— Мне таксама, калі пасылалі сюды, гаварылі: ты едзеш з вышэйшай місіяй! А якая мая ці ўсix нас тут місія? Мы павінны дарабіць тое, што генерал Мураўёў не дарабіў тут у 1863-1864 шыбеніцамі... Алесь Іванавіч.— павярнуўся да Алеся.— Я — п'яніца. Горкі, як тут у вас кажуць, п'янюга! — захліпаў i застукаў у грудзіну кулаком.— Я страціў гонар, але я маю яшчэ сумленне. Я не даносчык, не здраднік, не падлюга. Я п'яніца. Я сумленны, шчыры рускі інтэлігент, рускі чалавек. Мяне можна прынізіць, зняважыць, але мяне няможна купіць. Усё магу аддаць. Усё. Але душы сваей не аддам. Ён, гэты «выратавальнік» Айчыны, мяне i страшыць, i сваім дакументам у вочы тыцкае, i спакушае вышэйшай місіяй, але я не... Ніколi! Я шчыры, сумленны чалавек... Ды я за вас, мілы мой Алеська, за такога высакароднага чалавека, жыцця свайго не пашкадую...— падхапіўся, хістаючыся, падышоў, абняў Алеся.— I вы шчыры, сумленны інтэлігент. I высакародны, мужны, любімы людзьмі, патрэбны бо не губіце, як я, свой дар у гарэлцы, а працуеце... Я...— i зноў ведама, п'яны чалавек, пачаў паўтараць ужо сказанае, а пасля з настойлівасцю запрашаць прысесці i выпіць. Ад яго чуўся непрыемпы пах тытуню i некалькі дзён таму спажытай гарэлкі.

— Андрэй Мікітавіч,— падтрымліваючы яго, сказаў Алесь.— Юры Васільевіч вельмі хворы. Ці маглі б вы падысці i паглядзець яго?

— Бедны Юры! — застагнаў, павісшы на Алесевым плечуку, Чарноў.— Дурні — здаровыя, як быкі, а сумленныя — хворыя i слабыя...

— Сумленны! — з пагардаю i злосцю азваўся Лядзяш.— Здраднік Айчыны!

— Вон! — азірнуўся, закрычаў Чарноў.— Я папрашу вас, унцер, прэч з маёй кватэры! Я адзін магу выслухоўваць вашую старэчую бязглуздзіцу, лухту, дурноту, каб як урач паназіраць, як нізка можа пляснуцца чалавек як гома сапіенс, але не дазволю абражаць маіх сяброў... Вон! — затыкаў у таго пальцам.— Вон, каб i духу вашага тут не было!

— Бач, спеліся! — Лядзяш схапіў са сцяны фуражку, шынель i, не апранаючыся, шыбнуў з кватэры.— Ну, пачакай, п'янчужка! Я табе ўстаўлю розум, навучу пазнаваць сяброў i непрыяцеляў!

— Божа! — зноў застагнаў Чарноў.— I такія дурні «служаць» справе! Яны ж ганьбяць яе. Бедныя мы... Столькі ў нас дурноты, пошасці! Але вы, Аляксандр Іванавіч, не засмучайцеся. Я ваш шчыры сябра...

— Андрэй Мікітавіч,— напомніў Алесь,— пайшлі!

— Сходзім, сходзім, дружок! — падрадзіўся Чарноў, хістаючыся, падаючы, падаўся ў лепшы пакой i пачаў збіраць сваё доктарскае начынне ў знаёмы ўсім чорны сакваяжык.

Пасля, калі ўжо ішлі па начной ціхай, амаль без святла вуліцы, ён зноў пачаў расказваць, як Лядзяш змушаў яго даносіць на ix, але ён адмовіўся, бо ён сумленны чалавек i не хоча служыць Айчыне гэткім чынам, як ён любіць ix, Алеся i свайго земляка Казлова, як Лядзяш ганьбіць Айчыну, кляўся, што яны ідуць да Казлова i Лядзяш туды прыйдзе — пад вокны, каб усё выслухаць. Гаварыў, што добра кажа Казлоў: калі рэжым пачынае больш траціць на палідыю, чым на настаўнікаў ды культуру, дык будучыні ў такога рэжыму няма...