Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 43

Генрых Далідовіч

Старыя звычкі ў Ледзяша не зніклі. Бадай, яшчэ болей укараніліся. Надта пабольшала прага да гарэлкі. Баючыся, амаль усе янкавінцы запрашалі яго на вяселлі, хрэсьбіны, бяседы i мелі ад гэтага шмат клопатаў i непрыемнасцей; Лядзяш не толькі любіў выпіць i з'есці дармавога, але i адхіляў гаспадара, свата ці кума i ўвесь рэй браў у свае рукі, камандаваў, даводзячы кожную гулянку ці да шаленства, ці да абсурду.

З Алесем яны не сышліся адразу ж. Ён, уведаўшы, што Алесь піша ў газету, друкуецца, прычапіўся, каб Алесь прачытаў i паправіў яго мемуары. Ix у яго было шмат, але ix нідзе не хацелі браць. Калі ж Алесь цярпліва прачытаў некалькі тоўстых папак i па шчырасці сказаў, што правіць няможна, бо ўся гэтая пісаніна непісьменная лухта, Лядзяш не толькі незалюбіў ды пакрыўдзіўся, але палічыў яго за свайго ворага i за «ворага Айчыны».

— А, Алесь Іванавіч,— Чарноў падняў цяжкую, сіваватую ўжо галаву, зірнуў асалавелымі ад зацяжнога піцця, пачырванелымі вачыма. Над імі была цёмная правіслая пульхніна.— Заходзьце, дружок. Вы самы дарагі для мяне госць. Вы i ходзіце рэдка, вы i самы высакародны тут чалавек. У мяне ж, бачыце, сіндром. Сіндром Чарнова.

Галава яго не трымалася, боўталася ўніз. Алесь пашкадаваў яго i сёння: i сімпатычны чалавек, сярэдняга росту, сіваваты, i шчыры, сумленны, i добры лекар, а вось так бясслаўна гіне ад гарэлкі. Лядзяш — пажылаваты, лысы, тоўсты, з магутным зубрыным каркам ды падбародкам, амбітны i ўладалюбівы да жахлівасці, здаецца, дзень i ноч у заношаным мундзіры з падпалкоўніцкімі пагонамі ды з некалькімі медалямі, схмурыўся, апусціў вочы.

— Вось гэты унцер Прышыбееў, Алесь Іванавіч, сядзіць над маёй душою, як ястраб над перапёлкаю...— паскардзіўся Чарноў, бязвольна махнуўшы колькі разоў на свайго суседа.— Ён дабіваецца, каб я данёс яму, што вы думаеце i пішаце начамі дома, пра што мы гаворым у Казлова, пра што гавораць тыя высыльныя, што прыязджаюць з Івянца.

— Папрашу не зневажаць!— уладна, строгім голасам запатрабаваў Лядзяш.— Я не нейкі унцер, я падпалкоўнік! Па-другое, я не гуляю з вамі ў кошкі ды мышкі, я выконваю свой абавязак у інтарэсах бяспекі імперыі... У мяне вялікая місія...