Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 39

Генрых Далідовіч

Сёння Мішук прылёг на куфры не распранаючыся. У валенках i ў кажуху, бо ў гэтую ноч, як бачыў па малодзіве (яно ўжо, лічы, было малако, яго, горкае, ужо ў мінулы дзень не пяклі дзецям на патэльні, аддалі свінням) ды па падхвосціцы, Лялька павінна была ацяліцца. Выходзіў ужо разы з тры з ліхтаром у хлеў: Лялька сёння не клалася, стаяла, цяжка ўздыхала.

Звечара спаць не хацелася. Ляжаў, думаў пра жыццё-быццё. Пасля слухаў, як разыходзіліся ад Чорнага маладыя, галёкалі на ўсю вёску. Чуў, як бегла па двары дачка, як нехта з хлопцаў цяжка гупаў услед за ёю. Зося ўляцела ў сенцы, замкнулася, пасля ціхенька, як мыш, зайшла ў хату, падкралася да акна i доўга стаяла каля яго, пазіраючы на двор у цемень. Можа, i на таго пазірала, ад каго толькі што ўцякла. Можа, i той яшчэ стаяў каля плота, чакаў, бо яна раз-другі адхінала фіранку i, здаецца, махала рукою.

«З некім жа во дражніцца...— падумаў ён.— Нехта ж жаніхаецца ўжо... Хто? Ці талковы хоць? Можа, які ветрагон...»

Адчуў трывогу. За даччын лес. Не дай бог, спакусіць, ашукае які паганец. Што тады? Праўду людзі кажуць: узяў кавалер дачку за руку, а бацькоў бярэ за сэрца...

Калі яна неўзабаве распранулася i легла на свой ложак, побач з малодшаю сястрою, дык доўга не магла заснуць — варочалася, нібы ёй было мулка ляжаць, падымалася і, седзячы, зноў угледжвалася ў акно, слухала ваколіцу. Ён не спаў, чуў i бачыў усё, але маўчаў. Што ён мог сказаць? Нi воклічам, ні пагрозаю ўжо нічога не зменіш. Вырасла дачка, стала паненкаю. Уступіла ў пару, калі трэба ўжо жыць іначай, думаць пра сталае. Калі пазяхнуў — здаецца, i ціха,— Зося ўпала на падушку, сцішылася, затаілася.

Заснула. Услед за ёю заснула i маці — яна гэтаксама ўсё чула, ціхенька ўздыхала, адчуваючы, што хутка гэтая вячорніца паляціць з бацькоўскай хаты, шаптала малітвы — замольвала свае грахі ды, відаць, прасіла бога ўсцерагчы дачку. Усцешна бацьку, маці, калі дачка здаровая, наглядная, калі вакол яе рояцца хлопцы, але i трывожна. Непакоіліся раней, пакуль не выйшла замуж, за старэйшую, за Галену, цяпер вось прыйшоў час непакоіцца за гэтую страказу.

Цяпер, калі ўжо ўсе ў хаце спалі, дык падступаў сон i да яго. Ён драмаў, нават засынаў. Падхопліваўся: можа, ужо i шмат спаў! Можа, ужо i задушылася Лялька! Лаючы сябе, такога нядбайнага гаспадара, спаўзаў з куфра i ішоў у хлеў. Дзякуй богу, Лялька была жывая. Ён жагнаўся, радуючыся: адна ж кароўка на сям'ю — на пяцярых. А без каровы — ды такой дойнай,— як i без каня, якое жыццё?! Праўда, смятаны ці масла ад Лялькі яны самі мала калі бачылі, як i мёд ад іхніх пчолак, бо прадавалі Шлему. Збіралі ўжо Зосі пасаг. Але маслёнкі, кіслага малака, тварагу мелі ўдосталь.

Вось зноў падхапіўся. Сеў. Не мог даўмецца, колькі спаў. Няма ж гадзінніка. Hi на руцэ, ні на сцяне. Час мералі па пеўневых кукарэканнях. Першы раз певень то праспяваў ужо, другі раз, здаецца, яшчэ не абзываўся. Мішук абмацаў на току каля куфра ліхтар з прытушаным агнём, патупаў з хаты.