Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 37

Генрых Далідовіч

«Варона дык варона я!» — палаяў сябе.

Ужо ля свайго цёмнага двара — каля брамкі i невысокага шула — запыніўся. Пачакаў Кастусю. Яна ішла з суседкаю, з Анелькаю. Вось яны разышліся.

— Ну што? — падышоўшы, усміхнулася Кастуся.— I сёння толькі аблізаўся? Весела цяпер, як рыбаку, што выпусціў з рук рыбіну?

— А табе што? — адказаў з незадавальненнем.

— Няўдака ты! Зявель сонны!

— Вот дам зараз у зубы! — узлаваўся.

— Бачыш, які смелы цяпер! Са мною! — не спалохалася тая, хоць была нашмат маладзейшая.— А з ёю дык як цяля! Hi загаворыць, ні...

Змаўчаў. Ды што сказаць? Праўду рэжа.

— Бойся-бойся, дык набаішся: i ліха не мінеш, i надрыжышся! — ушчувала Кастуся.— Паглядзіць, што такі целяпей, дык i адвернецца.

— Яна i ўжо, відаць, некага мае...

— Дурань ты! — прыблізілася, прамовіла са шкадаваннем.— На цябе ж вока мае...

— Яшчэ як! — аж разгубіўся. Каб не паказаць свайго хвалявання, ухмыльнуўся.— Пазірае, як сабака на кій...

— Вой, які ж ты яшчэ сляпы i дурны! Як кацяня! — нібы здзівілася Кастуся.— Нічога не бачыш. Уся веска бачыць, а ты не... Ды зірні ты, прыгледзься добра, як яна чырванее, калі ты зойдзеш, загаворыш з якою другою! А як яна выстранчаецца! Новыя блюзкі, спадніцы мяняе!

Ён слухаў, што казала яму сястра. Слухаў, як старэйшую i разумнейшую.

«Няўжо, няўжо Зося ўпадабала мяне? — цеплынёю аблівалася яго сэрца.— Але чаго тады гэтак уцякае? Ох i хітры ж гэты люд, дзяўчаты!»

6.

Вера Чорная не старалася ўцякаць ад дзядзькавай хаты. Толькі ў гурце — для вока — выбегла з двара. За плотам запынілася. Яна чакала. I не памылілася: ззаду апошні цягнуўся Уладак Дземідовіч. Памалу. Нібы воз цягнуў за сабою. Усё ж добра Янка Нямкевіч бухнуў яго — спіною i патыліцаю ў сцяну — каб уцэліў на які крук, дык акалечыў бы.

Падышоў. Абхапіў за плечы. У Веры соладка зайшлося сэрца. Аднак скінула з сябе яго руку.

— Чаго ты? — здзівіўся.

— Ідзі, бяжы i ты! — папікнула.— Даганяй!

— Каго?

— Як не ведаеш! Падурэлі ўсе праз яе! Свету з-за яе не бачыце.

— Ды з-за каго?

— З-за Мішуковай Зосі...

— От знайшла красуню! — супакоіў.— Вочы па яблыку!

— Але ж i ты млееш за ёю...

— Я? — хмыкнуў.— За ёю? Ды яна, каб i хацела, дык я з ёю не хадзіў бы!

— Уга!

— Вот табе i дуга! — зноў прытуліў.— Я з табою хачу хадзіць, мякенькая ты мая, булачка пульхная!

— Так ужо i булачка! — закрыўдавала, але не злосна.

— Булачка! — абдымаў, наўмысна калоў падбародкам яе шчаку.

— Пусці! — спрабавала вызваліцца, але не рашуча.— Убачаць!

— Цяпер? — хмыкнуў.— Ды цяпер усе храпуць ужо!

Пайшлі па цёмнай вуліцы, у другі бок вёскі, у Засценак. Ён усё абдымаў — узваліўся на яе плячук. Але яна цярпела. Піхнуў да нечага — здаецца, дзядзькі Вайтковіча Юзіка — плота. Як i тыя разы, пачаў «лашчыць» яе — ціснуў, мяў далоньмі яе плечукi, грудзі. З нейкай злосцю. За тое, што яна, Чорная, i такая паслухмяная, не цураецца яго, як іншыя дзяўчаты, што i сёння Янка Нямкевіч адпіхнуў яго, пабег за Зосяю — за тою, хто i яму сушыць сэрца.

— Ну што ты робіш? — хіхікнула Вера.— Задушыш!

— Не задушу. Мужчына бабы не задушыць абдымаючы.