Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 35

Генрых Далідовіч

— Працверазіўся за доўгую дарогу,— адказала тая.— A ў карчме добра насцёбаўся, калі потым шапку згубіў. Можа, плату i зa парася прапіў. Хто ж там ведае, колькі ты ўзяў за тых парасят!

— Уга. Кажу ж...

— Вы, дзядзька, i былі п'яныя,— першая з дзяўчат апамяталася ад страху Зося,— ды ехалі адзін уночы на лесе, дык вот вам i здалося...

Дзяўчаты пажвавелі, пасмялелі.

— Канечне, былі п'яныя,— сказала Міхайлава дачка, Вера.— Я ж помню: мама лаяла вас тады за гарэлку...

— Каб жа выдумляў! Сам бачыў...—Міхайла ўхапіў праваю рукою каля скроні валасы, адцягнуў.— Бачыце сівыя пасмы? Усё гэта ад той ночы...

— Пасівелі вы, можа, i не ад таго,— сказала пляменніца Волька.— Усе ў нашай радні чорныя, усе рана сівеюць...

— Не верыце: няма чарцей? — не здаваўся Miхайла.— Дык вот хай каторая з вас папробуе ўночы залезці на гарышча i паглядзець у люстэрка ці цяпер, у пост, патанцуе! Хіба не чулі, што было пад Рубяжэвічамі? Была там адна дзяўчына. Не верыла ні ў бога, ні ў чорта. Пост велькі — а яна танцуе сама з сабою, спявае. Засталася адна раз дома, зноў пачала выкручвацца, задраўшы галаву. Пазірала на сучок

у бэльцы. Як сама потым казала, гэты сучок раптоўна пачаў большаць ды большаць у яе вачах, а потым спаў долу — i паўстаў з яго чорны хлопец у чорным касцюме. З рожкамі, з жоўтымі вачыма. Хоп яе — i як закруціў, што яна не магла і астанавіцца. Можа, i да смерці закружыў бы, каб бацька не найшоў. Кінуў тады яе гэты чорны хлопец, скок уверх, зноў сучком на бэльцы стаў. А яна як пласт на току ляжала... Колькі яе потым па ўсякіх шаптухах, па дактарах павазілі! Сохла-сохла i памерла...

Дзяўчаты са сполахам зірнулі ў столь. На бэлькі. Там i праўда было шмат усякіх — вялікіх i малых, адзіночных i ў кветкі — сучкоў.

Пасля ўжо іншыя пачалі ўспамінаць усякія страшныя, містычныя выпадкі. Калі пазяхнула Міхайлава жонка, за ёю — Пятрова, за імі пазяхнулі i мужчыны, Юзік, Пятро. I гаварун Міхайла не ўтрываў, разявіў раз-другі рот да вушэй ды наўмысна яшчэ, што аж піскнула штосьці ў яго пашчэнках. I тут жа ўсе выбухнулі смехам: Міхайла не мог закрыць рота. Вочы вылупіліся, твар скрывіўся. Парагатаўшы ўволю, Пятро тыцпуў Міхайлу кулаком у пашчэнку — той нарэшце плямкнуў, закрыў рот. Завойкаў, застагнаў ад болю.

— Цас спаць ісці,— зноў пазяхнуў Пятро.— Павалакліся дадому. Трэба ясцэ ж i на бабу нагу закінуць...

— О то разумна сказаў! — папікнула жонка.

— Цаго ты! I ты тады весялейшая будзес...

I як толькі мужчыны паўставалі, стоўпіліся ў парозе, замітусіўся Міхайла. Хапнуў ca сцяны, з цвіка, аблавушку, але, перш чым начапіць яе на галаву, чамусьці спачатку засунуў на міг руку ў правую кішэню кажуха, тут жа выхапіў яе i паштурхаўся да дзвярэй.

— Спакойпай вам ночы!

— Cпi, вытрашчыўты вочы! — адказаў яму гаспадар.

— Пачакай, Міхайла,— ужо пры парозе затрымала яго гаспадыня, Паўліна. Яна ўвесь апошні час не зводзіла з яго вачэй.— Пакажы...— I, калі ён запыніўся, падышла, сунула руку ў яго кішэню. Дастала адтуль невялікія нажніцы.