Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 36

Генрых Далідовіч

— Вой, далібог, не ведаю, як яны ў мяне апынуліся...— заўсміхаўся той. I не вінавата, а гарэзна.— Няйначай, усунуў нехта...

— Усё табе нехта ў твае кішэні чужое падпіхае! — перакрывіла гаспадыня, вешаючы нажніцы на ранейшае месца, на цвік у сцяне.— От занямонская натура! Жыць не можа, каб чаго не ўкрасці!

Міхайла паўсміхаўся i, як нічога i не здарылася брыдкага, пасунуўся з хаты.

— Дабранац! — развітаўся ўслед за ім Пятро.

— Забірай усе блохі нанач! — адказала яму гаспадыня.

— Заставайцеся здаровы! — пазычыў на адыход спакойны Юзік.

— Бывайце здаровы ды, дай божа, каб здаровыя i абачыліся,— амаль у адзін голас паважна, зусім не так, як ліхім Міхайлу i Пятру, пажадалі яму i яго жонцы Сцянан i Паўліна.— Салодкага вам сна — спаць да паўдня!

Неўзабаве за Чорнымі i дзецьмі, загарнуўшы свае абручыкі з палатном у хусткі, сыпнулі з хаты, як пчолы роячыся, дзяўчаты, на хаду апранаючы i зашпільваючы кажушкі. Хацелі ўцячы ад хлопцаў.

Тыя шыбнулі ўслед за імі. Ледзь дзверы не сарвалі з завесаў i не панеслі з сабою. Здаецца, скінулі з лаўкі бадню, разлілі ваду ў парозе. Янка чуў, як лаялася на ix гаспадыня, таўхала некага апошняга ў плечы, але ніхто на гэта не зважаў, вырываўся з хаты i з сянец на двор. Але цяжка было вырвацца. Доўга таўхаліся, ціснулі адно аднаго ў сенцах у куты. Янку, здаецца, пёр перад сабою Уладак, стараючыся заціснуць у кут. Яму ўдалося неяк павярнуцца, пусціць наперадзе самога Уладака. Ды яшчэ так папхнуў, бухнуў Уладака ў сцяну, што аж затрэсліся сенцы. Сам вырваўся на двор, зусім аслеп у цемнаце. Зыркаў-зыркаў: а дзе ж белая касынка? Убачыў: каля плота ўжо. Кінуўся туды. Іначай будзе, што i раней. Зося шыбне, як каза, i схаваецца ў сваім двары.

Дагнаў, злавіў яе пасярод лагчыны. Можа, i не ўхапіў бы за плячук ды не прытрымаў бы, каб не каўзанулася на лёдзе i не павалілася.

— Вой, хто гэта? — віснула, падбіраючы згублены вузел.

— Не бойся,— ціха прамовіў, падымаючы, а пасля i трымаючы яе за локаць.— Гэта я...

— I прэш жа, як забіць хочаш...— папікнула.

Прамаўчаў. Не ведаў, што адказаць.

— Пусці! — загадала. I сярдзіта: — Чуеш?

— А ты не ўцячэш?

— Не-э.

— Не абманеш? Як i тыя разы!

Памаўчала i яна. Нібы павагалася.

— Не, сёння не абману.

— Ну, глядзі...

Ён адпусціў. Пайшлі побач. Моўчкі. Як на суд. Янка чуў: сэрца тахкае-тахкае, падымаецца, аж цісне, здаецца, у горле.

— Лаві, калі зловіш! — усклікнула яна i панеслася па вуліцы. Што вецер. Ён i сёння ўлёг за ею. Але дзе там! Хіба дагоніш лань?!

Убегла ў свой двор. Ляснула клямкай у сенцах i зашчапілася. Ён з гарачкі ўбег у вузкі двор, спатыкнуўся аб санкі, запыніўся: нарабіў брэху Мішукоў сабака. Ён вымчаў з двара: выйдзе яшчэ з качаргою гаспадар. Ды i няёмка стаяць, як цюцьку, над дзвярыма.

Пастаяў крыху за плотам, чакаючы: а вось Зося сёння выйдзе з сянец. Але яна не выходзіла. Дык ён паныла пасунууся дадому. Чуў: па вёсцы нясецца вясёлы хлапечы i дзявочы гоман, енк, піск. Значыць, астатнія хлопцы не далі такога промаху, як ён.