Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 34

Генрых Далідовіч

— От сціхніце, дзядзька,— абрывала яго гаспадарова дачка, Волька.— Будуць баяцца дзяўчаты ісці дадому.

— Ого! — пасміхаўся той.— Падвядуць хлопцы. Яны ж толькі гэтага i прагнуць! А я вот некалі ледзь не прапаў.

— Скула табе на язык! — абрывала i гаспадыня, жагналася.— Складаеш вот дурныя складанцы напроціў ночы! Ды ў пост!

— Нічога я не складаю,— не здаваўся Міхайла.— Я расказваю тое, што сам бачыў.

— Ведаем, што ты бачыў...— махнула рукою гаспадыня.— Абы мянціць языком. Язык жа без касці...

— От ты паслухай-паслухай,— абарваў яе Міхайла.— Сама ўбачыш: праўда гэта ці не?

— Дык маес падкінуць сто цы не? — злаваў Пятро. Пасля не вытрываў, перавярнуў карты, кінуў у адбой. Міхайла адвярнуў, паглядзеў гэты адбой, падкінуў адну карту. Пятро пасунуў далонню па стале кіпку карт да сябе.

— Помніце, там пазалетась ездзіў я ў Івенец? — услед за іншымі беручы карты з калоды, вёў далей Міхайла, i карцёжнікі мусілі слухаць яго, не іграць.— Парасяты прадаваў. Прадаў, як гэта i трэба, зайшоў у карчму, перакуліў адну-другую чарачку, закусіў селядцом i паехаў дадому. Лета. Ноч цёмная, хоць на воўка ўзбіся. Конь нясецца мой як aпараны. Пад’ехаў ужо да Цеснавой — конь мой...— адкінуўся спіною да сцяны. Дзяўчаты замёрлі, не вышывалі, з разяўленымі ратамі пазіралі на Міхайлу. I тое, што ён называў тутэйшыя вёскі ды мястэчкі, яшчэ больш паддавала ім страху.— Дык конь мой тыц i стаў! І у цемнаце бачу: вушы яго ўгору. Старчаком стаяць. Ну, як у воўка на грамніцы...

— Цьфу! — плюнула яго жонка.— Брахун стары!

— Ржэ мой конь са страхам,— не зважаючы ні на што, плёў Міхайла.— Што там, думаю? Ваўкі? Чалавек які ліхі заступіў дарогу? Мацней сціскаю пугаўё ў руцэ, спаўзаю з воза. Нe. Hi чалавека, ні воўчых агеньчыкаў. Іду наперад. Эге, бачу: перад канём на дарозе ляжыць нешта цёмнае. Тыцнуў пугаўём — цвёрдае. Памацаў рукамі — пень. Ладны такі. Падняў. Нюхнуў — як i трэба, не то балотам, не то смалою пахне. Ну, думаю, вазакі везлі пні на смалакурню Свістунова i згубілі. Нашто, каб дабро прападала! Я за пень — ды на воз. Думаю, баба ўсю зіму дровы падпальваць будзе. Сцёбнуў каня па каленях — той, людцы мае, i панёсся. Як яму пад хвастом гарчыцаю нацерлі. Азірнуўся я: аж пень адпаўзае. Думаю, падтрасае калёсы, вот ён i скочваецца. Толькі я выцягнуў руку, каб узяцца за яго...— Miхайла нават паказаў, як ён выцягваў тады руку.— А пень, людцы мае, як падхопіцца! — Міхайла ўскочыў з лавы: — I ўміг зрабіўся чорным казлом з жоўтымі вачыма. Ды калі забляе: «Бэ-э-э!»

I Сцяпанавы ўнукі на печы, i дзяўчаты як адна завішчэлі, пазатульвалі твары далонямі. А хлопцы іранічна заўсміхаліся.

— Скок казёл гэты з воза — i ў лес...— Міхайла гопнуўся на лаву, аж задыхаўся ад сваёй гамонкі.— A ў мяне, паверце, i валасэ дыбам сталі, шапка з галавы зляцела. Пот халодны па спіне пацёк. Увесь хмель з галавы вылецеў. Ледзь жывы дадому даехаў. Скажы ж, Настуля,— павярнуўся да жонкі,— цвярозы тады, як іголка, з кірмашу прыехаў! Толькі ледзь-ледзь пахла з рота...