Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 50

Анатоль Бароўскі

— Дык гэта ж Спас — хлебны, яблычны і вінаградны! — усклікнула Наташа, і ў яе радасна засвяціліся вочы. — Божа, які цуд!

Святы Айцец глядзеў на нас, не адрываў пранікнёных вачэй. Як быццам пытаўся, чаму не молімся, чаму прыйшлі да яго без хлеба і яблыкаў. Яй-богу, быў бы я веруючым, перажагнуўся б, як і ў сне. Не заўважыў, міжволі перахрысціўся.

Я зноў здымаў і здымаў. Добра, што захапіў з сабою запасныя плёнкі. Душа мая разарвалася б, каб не хапіла яе ў такі вось адказны момант. На трыццаць шостым кроку я крыкнуў, каб спыніліся. Наташа памагла мне без затрымкі перазарадзіць плёнку — трымала старую, падавала новую. Нешта шаптала, але што не чуў. Я ніколі не бачыў такога мастацтва. Я не мог паверыць у такую фантастыку, у такія дзівосы. І таму хацелася пакінуць усё на плёнцы — ці мала што можа здарыцца потым.

А можа, гэта сон перада мною, як і са святым Айцом, які зрабіў мяне шчаслівым і няшчасным чалавекам адначасова... А калі не сон?

Людзі бегалі, лёталі над Спасам. У іх былі крылы. Яны плакалі, смяяліся, гаварылі, слухалі... На сцяне кіпела жыццё. На сцяне быў апафеоз мастацтва — жывое кіно, якое глядзелі задоўга да таго, як яго вынайшлі. Праўда, прашчуры-дрыгавічы былі абмежаваныя ў сюжэце. Але аднаго такога сюжэта хапіла на цэлыя стагоддзі. А дарэчы, хто той вялікі майстар — чараўнік, цудадзейны чалавек, які абагнаў свой час на паўтысячы гадоў? Мы шукалі і не знайшлі нідзе ніякага знаку ці аўтографа аўтара. Гэта сёння мы пад любой пэцкатнёй памячаем «М. Гер.», «Н. Сід.». «У. Лан.» і гэтак далей.

Мяне агарнуў сорам. Цяпер я рашуча не буду ніколі падпісвацца пад сваімі работамі. Калі я яшчэ пасля гэтага буду што-небудзь ствараць...

— Гляньце назад! — просіць Наташа і накіроўвае туды прамень свайго ліхтара. — Што там творыцца...

Мы зноў уражаныя. Напачатку тое не кідалася ў вочы, бо было за выступам. Цяпер жа, калі мы накіравалі туды тры ліхтары, таямніца раскрывалася: вычасаны з каменю дрыгавіч паглядаў з усмешкаю на нас, прыставіўшы руку да вуха. Бы недачуваў і пра нешта перапытваў. У сівой яго барадзе блукала хітраватая ўсмешка. Над яго галавой лёталі буслы і жоравы. Каля яго, ужо меншага росту, стаялі людзі — дзяўчаты, жанчыны з дзецьмі, дзяды і мужчыны. Паміж імі адбывалася нейкая важная размова...

— Гаўрыіл Мазырскі, — не паверыла Наташа, і голас яе ўздрыгнуў, — у летапісах ён упамінаецца, але ніхто не ведае, дзе ён знаходзіцца. Як і не ведаем пра «Жыціе святога Натхніцеля», што справа. А яны вось дзе. Дзіва, ды і толькі!

Накіроўваю аб'ектыў на Гаўрыіла Мазырскага. Аднекуль ззаду яго выплываў слабы святлацень, і я не мог зразумець, адкуль ён мог з'явіцца. Калі ж мы выключылі ліхтары, сцяна была зноў цёмнай і нябачнай.

— Цуд, — шэпча затоена Мікола, — ігра святла, ігра настрою. Вылеплю абавязкова я сабе такога палешука.

Калі мы падыходзім бліжэй і кратаем камяні, то адразу малюнак страчваецца. Як адыдзем, камянёў нябачна, а кідаецца ў вочы дзяружка, кудлатая барада — мяккая, шаўковая, здаецца, што яе калмаціць вецер. І вочы жывыя — аж бегаюць, пераводзіць позірк з аднаго на другое.