Читать «Азірніся ў каханні» онлайн

Анатоль Бароўскі

Анатоль Бароўскі

АЗІРНІСЯ Ў КАХАННІ

Аповесці

Падрыхтаванае на падставе: Анатоль Бароўскі, Азірніся ў каханні: Аповесці, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 349 с.

ISBN 5-340-01164-Х

АЗІРНІСЯ Ў КАХАННІ

Амаль фантастычная аповесць

1.

...вельмі люблю восень, залатую стракатую пару.

Асабліва той час, калі пасля першых начных прымаразкаў ад галін пачынае адрывацца зжоўклае лісце і ападаць нячутна долу.

Проста дзіўна, якая тады стаіць незвычайная цішыня. І толькі лісце, удараючыся гучна аб галіны, парушае яе нязвыклым звонам. Калі ж я чую, як яно — яшчэ жывое, з цяплом дрэва — чапляецца за апошнюю надзею ўтрымацца, як безнадзейна апускаецца на зямлю, — шчымлівым болем заходзіцца маё сэрца, падкочваецца нячутнай хваляй няясная туга па нечым светлым, шчасным, але нязбыўным.

Тады душа мая поўніцца светлымі мроямі, добрымі згадкамі пра далёкае возера, дзе было поўна рыбы і вакол яго пасвіліся не то авечкі, не то козы...

Тады мне страшэнна хочацца адзіноты і цішыні. А ў памяці пісьмо ад Яе...

І я, як бы ні быў заняты, якія б неадкладныя клопаты ні прывязвалі, кідаю ўсё і — пешшу, спадарожнай машынай, аўтобусам — імчуся, спяшаюся на спатканне з лесам...

І тады чуйна слухаю, як ідзе, коціцца стракатым колам па зямлі шчымлівы лістапад. Як у промнях зыркага сонца пераліваецца жаўталісце, і здаецца, што то аскалёпачкі зыркага сонца абрыньваюцца на мяне.

У нейкі міг я не вытрымліваю і ад прыліву шчымлівага пачуцця падаю на лісцяную пярыну. Ляжу доўга, не варушуся, баючыся парушыць душэўнае суладдзе. Хочацца, каб лісцяны дождж абрынуўся на мяне з такой сілай, з такой гушчынёй, каб ажно зацерусіў усяго-ўсяго. Каб нада мною вырас аграмадністы жоўты стог і схаваў ад клопатаў і трывог. Ад таго болю, які не пакідае мяне, яшчэ ад злых людзей і недругаў...

Я ляжу, раскінуўшы, бы ў знямозе, рукі і ногі. Нада мною крона магутнага з тысячу год дуба — ужо апалага ад лістоты. У яго густым спляценні карункаў я бачу рассечанае на мільёны аскалёпачкаў вечнае сонца. Не магу глядзець на яго, зажмурваюся. Мне здаецца, што лячу ў бязважкасці і што насупраць мне ляціць не лісце, а зоркі, якімі густа ўсеяна неба...

Восень, восень...

Ніяк не магу зразумець — ці то яна мяне лечыць, ці, наадварот, робіць хворым і бязвольным. Бо ў мяне потым доўга не перастае ныць сэрца, быццам адчувае вялікую непапраўную страту. Ці маю няўдачу? Аб ёй я яшчэ і не падазраваў, але яна нараджалася непрыкметна — паміма маёй волі.

Таму я ніколі не бяру з сабой у лес ні каханую жанчыну, ні надзейнага і блізкага сябра, каб не паказваць хваравіты настрой, каб не падумалі, што са мной творыцца нешта незразумелае і неверагоднае. Правільней, каб не ўбачылі гэтага... Навошта яно ім? Толькі дрэвам і небу я магу даверыць свой боль і хваравітыя думкі, сваю трывогу, якая не пакідае мяне ні днём ні ноччу.

Але мне не хочацца ад усяго гэтага пазбавіцца. Ніколі-ніколі...

Эх, лістапад, лістапад. Што ты робіш са мною, навошта так вучыш адчуваць боль дрэў, быццам яны жывыя істоты, якія саромеюцца свайго выгляду?

Ці то бацька вінаваты, які ўсё жыццё працаваў лесніком і часцяком браў мяне малога ў лес, ці што іншае? А мо ім і не баліць зусім, дрэвам, і тое мне ўсё здаецца толькі ў маім хваравітым уяўленні. А мае перажыванні зусім і непатрэбны нікому?