Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 51

Анатоль Бароўскі

Хто ж аўтар гэтай работы? Ці былі на Палессі такія таленавітыя каменячосы? І што ён хацеў сказаць, аб чым паведаміць рупіўся нам, нашчадкам?

Засталося прайсці ў сярэднія, апошнія, «дзверы». Увайшлі ў доўгі калідор, пачалі спускацца зноў па прыступках.

— Пачакайце, — крануўся пляча нашай спадарожніцы Мікола, — павярніце ліхтары ўправа, а самі гляньце ўніз.

У цемры нешта зіхацела слабым святлом. Яно вырывалася як з-пад зямлі.

— Так толькі можа зіхацець золата.

Пушкарчук не жартаваў. Але тут жа хіхікнуў, зрабіўшы сур'ёзны выгляд. Знайшоў месца дзе жартаваць.

— Прызнаюся, Мікітавіч, мне не падабаецца тваё хіхіканне, — не вытрымліваю я.

— А мне не падабаецца тваё, — адказвае тым жа тонам сябра.

— Мне не да смеху.

— І мне таксама.

— Ну, хопіць вам, — укліньваецца дзяўчына і дакранаецца да нас абодвух, сціскае нашы рукі. — Разбяромся пасля, хто рагатаў. Цяпер што рабіць будзем? Ідзём уніз?

— Ідзём, — вырываецца наперад Мікола, асцярожна тэпае па прыступках. — Больш дзвярэй не будзе. Тут мы і скончым наша падарожжа.

Мы спускаемся на невялічкую пляцоўку, аглядваемся. Высвечваем усе куткі новага скляпення. Ён не памыліўся — у скрыні, зробленай з невядомага нержавейнага металу, зіхацелі бліскучыя каштоўнасці.

— Божачка, што гэта? — выдыхае Наташа і не можа адарваць вачэй ад такога багацця. — Во, гэта златнік, а во сярэбранік, грыўня — рубель — кіеўскі тып, палова наўгародскай грыўні — палціна... А то работы скіфскіх майстроў. Антон, не зявай, зрабі здымак гэтага грабеньчыка, старога скіфа і вось гэтага трохгаловага льва.

Яна ставіць на вечка кожную работу. Свецім з усіх ліхтароў. Я націскаю на спускавую кнопку «Зеніта». Адну работу зняў, другую, дзесятую... Я так захапіўся, што не адчуваў ні часу, ні прасторы...

— Вада! — закрычала дзяўчына, глянула сабе пад ногі. — Яна прыбывае! Уцякайма!

Першай дабегла да прыступак, чакае нас. Вада даходзіла да калень — халодная, ледзяная. Выбраўшыся з яе, сталі на сухія прыступкі. Дзіўна — як толькі мы выйшлі з вады, яна пачала прападаць.

— Тут сакрэт нейкі ёсць, — выказвае здагадку Наташа, — продкі нашы не хочуць аддаваць свае багацці. Але нам сёння неабходна заявіць у міліцыю, што мы знайшлі такое багацце. Я ўхапіла тры манеткі старажытнай Русі з сімвалам князя Уладзіміра. Каб не палічылі нас за ідыётаў, мы пакажам доказы... Я думаю, што мы не парушым закон, ці не так?

— Так, каралева наша, не парушым, — Мікола кладзе руку на плячо дзяўчыне і глядзіць у куток, дзе зіхаціць, пераліваецца таямнічае святло.

Там, дзе палае прыцягальнае позірку золата, нехта засмяяўся — доўга і здзекліва, як бы пасміхаўся з нас, а мо і радаваўся, што не ўзялі мы золата.

Наташа ўздрыгнула ўсім целам, сцялася, са страхам паглядзела ў той бок:

— Хто гэта?!

— Не хвалюйся, гэта не галюцынацыі, — супакойвае яе Мікола, — то ігра гукаў. Яны далятаюць з глыбіні скляпення, якое мы не можам даследаваць. Тут, мусіць, яшчэ адно падзямелле — пад каралеўскім замкам. Тут ужо тэхніка патрэбна. Але то зробяць без нас. А цяпер усё. Загуляліся мы тут.