Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 48

Анатоль Бароўскі

— Абы-што, — гавару я і перабіваю чытанне.

— Для іх гэта было напісана?

— Для іх, Мікітавіч.

— І хто ж чытаў тыя радкі для закаваных у кайданы? Як і язык паварочваўся.

— Паварочваўся. Бо сам мог аказацца ў такіх кайданах. Не тут, дык у іншым месцы. Так, гэтую кнігу неабходна акуратна загарнуць у тканіну. Пакладзём яе тут, ля выхаду, потым забяром — як будзем ісці назад.

Мы пакідаем памяшканне. Зноў спыняемся — выбіраем, у якія дзверы ісці далей. Хаця якія дзверы — толькі праёміны. Наташа сама выбірае маршрут і пайшла першая наперад. Мы пайшлі следам. Промні святла выхоплівалі з цемры шэрыя Камянюкі, падагнаныя шчыльна адзін да аднаго...

— А чым цікавая кніга, што ты знайшла? — парушаю я пытаннем тую напружанасць, якая нарадзілася перад невядомым, куды мы павінны вось-вось ступіць.

— Чым? — Наташа не здзіўлена маім запытаннем, бо ведала, што я не вывучаў старажытнарускую і беларускую літаратуру. Яна ж праходзіла на сваім факультэце. Вывучыла дасканала. — Яна адносіцца да Жыція, так называемай агіяграфіі. Л яшчэ больш канкрэтней — біяграфіі духоўных і свецкіх асоб, якіх кананізавала хрысціянская царква. Значыць, гэта адзін з відаў рэлігійнай літаратуры. Для сучасніка яны ўяўляюць тую каштоўнасць, што ў іх укладзены гістарычны матэрыял. І таму мы праз яго пазнаем гісторыю...

— А калі з'явіліся тыя Жыціі? — Пушкарчук папытаўся ціха, як бы баючыся парушыць цішыню падзямелля.

— Даўно. Яшчэ ў час Рымскай імперыі... А ў літаратуру Кіеўскай Русі перайшлі ў дзесятым стагоддзі. Іх прынеслі паўднёвыя славяне і перакладалі іх з грэчаскай мовы. Мы вывучалі зборнік Чэцці Мінеі — у ім Жыціе размяшчалася па чыслах месяца. Чытала я і «Пралогі» — кароткі іх змест, але цікавы. У зборнік «Пацерыкі» былі ўключаны «Жыція святых» — тэма мясцовая: жыццё манастыра або князёў, якія праславіліся сваімі ратнымі подзвігамі. Л арыгінальныя беларускія Жыціі — аб Ефрасінні Полацкай, «Жыціе Аўрамія Смаленскага». А Сімяон Полацкі зрабіў вершаваную пераробку Жыція «Песня Іоасафа, у пустыню входзяшча». Гэта класічны твор...

Ззаду дробненька засмяяўся Пушкарчук і замоўк. Я павярнуўся да яго — што гэта з ім? Але ён здзіўлена паглядаў на мяне. Значыць, падалося...

Толькі цяпер адчуў, што паветра не свежае, што лёгкія ўдыхаюць яго з нейкай прымессю. Але на гэта мы не звярталі ўвагі, і так было зразумела — гаварылі перад спускам. Я прыхапіў тры процівагазы — выпрасіў у ваенрука, знаёмага выкладчыка. Але чарга да іх не дайшла. Мо і не дойдзе.

Наташа павольна ступае наперад, асвятляе дарогу. Мы пільна ўзіраемся ў тое, што выхопліваюць промні — і нічога не заўважаем. Памяшканне, куды мы ўвайшлі, было значна шырэйшае і даўжэйшае — такая ж столь, што сыходзілася трохкутнікам у вільчыку. Прызвычаіўшыся, заўважыў у правым кутку нешта накшталт вялікай скрыні. Са сцяны тырчэлі нейкія ваенныя даспехі — не то дзіды, не то мячы.

Каля сцяны мы спыніліся.

У кутку прымацаваны каменны стол. Паверхня была роўная і гладкая, як адпаліраваная. На ім ляжалі ўпрытык адзін да аднаго мячы і дзіды, сякеры і пішчалі, гакаўніцы і кулі...