Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 49

Анатоль Бароўскі

— Цэлы арсенал, — абрадавана прамовіў Мікола, пакратаў меч, узяў у руку.

— Як быццам музей зброі.

— Вось тут бы і абсталяваць музей, — выказаў меркаванне Пушкарчук, аглядаючы прастору скляпення, прымерваючыся ўжо, дзе і што можна паставіць — Правесці сюды святло, кандыцыянеры...

— А там адкрыць рэстаран «Грот закаханых»? — пачынаю ўжо злаваць на Пушкарчука, бо пачуў, як ён зноў захіхікаў. — Побач са шкілетамі, так?

— Навошта рэстаран? А ўвогуле прабач, глупства гараджу. Я ўсё пра свой музей. Ды зло бярэ, што Ганчарэнка не даваў, не выдзяляў памяшканне пад музей і не будаваў яго.

Я ўспомніў пра свае абавязкі — накручваю плёнку і раблю адзін кадр, за ім другі... Падсвечваем дзіды, якія тырчаць з ніш у сцяне, зноў клацаю.

Наташа прыглядаецца да кожнай дробязі, высвечвае кожны куточак, дзе толькі можна. І нічога не трапляецца ёй на вока.

Націскаю зноў і зноў на затвор. Веру, што «Орвахром» мяне не падвядзе, як і не падводзіў раней. Слайды атрымліваліся выдатныя.

Я асобна здымаў, як раіла Наташа, «гатычныя» пласціністыя даспехі пятнаццатага стагоддзя, рыфленыя «максіміліянаўскія» даспехі першай чвэрці шаснаццатага стагоддзя, кірасу, рандаш, павезу, якая прыткнулася ў самым кутку, упіралася ў яго, як ікона. Шлем з забралам. Салад. Каску-бургіньёт. Каску-марыён... Наташа ўсё запісвала ў блакнот, што я здымаў. Ставіла потым на сваё месца.

— Падсвечвай лепей, — прашу і нахіляюся як мага бліжэй, каб буйным планам схапіць даспехі...

— Я і так свячу, як ты прасіў. Пэўна, садзяцца акумулятары...

— Ага. Вось так добра.

Я адчуваю сваю віну, дарэмна нападаю — стараецца ж, робіць так, як прасіў. А яшчэ крычу, ёлупень, на яе. Але прасіць прабачэння няма калі, зноў падганяю, прыспешваю. Прашу свяціць так, як патрабуе плёнка. Дзяўчына не крыўдзіцца на мяне, слухаецца.

— Антон, божачка мой, паглянь сюды...

А Пушкарчук ужо даўно глядзіць на сцяну і не адрываецца — і як мы адразу не заўважылі! Перад нашымі вачыма адкрываў сваю тайну унікальны твор. Мікола ўжо кратаў сцяну рукамі — ніяк не мог даўмецца, што перад ім — мазаіка ці што іншае.

Нашаму позірку адкрылася нешта незвычайнае. Мастацкі прыём быў не вядомы ні мне, ні яму. Дробныя кавалачкі шкла, пяску, каменю, нейкага невядомага матэрыялу пераліваліся ў промнях нашых ліхтароў. Мала таго, усё на сцяне было жывое — рухаемся мы, і ажывалі людзі, якіх стварыў невядомы мастак. Падобна было, што на сцяне быў Сімяон Полацкі, але быццам і не ён.

— Стойце! Пачакайце! — крыкнуў узрушана Пушкарчук, узняў уверх рукі. — Давайце станем каля парога. Пайшлі станем!

Мы паслухаліся, пайшлі следам.

— А цяпер будзем ісці паралельна сцяне і глядзець на яе. А ты, Антон, кожным крокам фатаграфуй. Я нешта зразумеў. Да мяне нешта дайшло.

Спачатку мы не бачылі нічога. Потым сцяна стала блакітнай. На яе фоне вырас святы Айцец. Той самы які прыходзіў да мяне ў сне. Які і навучыў мяне тром цудам, з-за якіх і калышацца маё жыццё, быццам плыву я ў шторм па Прыпяці. Потым да Бога пачалі падыходзіць людзі ў каляровых хітонах. Яны апускаліся на калені, маліліся, апускалі галовы да зямлі. У левай руцэ ў аднаго быў бохан хлеба. Потым, праз колькі крокаў, замест хлеба з'яўляўся яблык, пасля — вінаграад...