Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 47

Анатоль Бароўскі

Адчуваю няладнае па руцэ Наташы — нейкія сутаргавыя штуршкі. Неспакойныя і трывожныя. Паварочваюся да яе, тулю да сябе:

— Страшна?

— Не ведаю. Але гэта не страх. Ніколі не была ў такім сутарэнні. Тым больш калі тут не ступала нага некалькі стагоддзяў.

— Няпраўда. Некалькі дзён назад тут праходзіў Пушкарчук. Мікола тут усё ведае. Ты не хвалюйся.

— А як нас тут заваліць што?

— Я ж казаў, у мяне мініяцюрны перадатчык, які бярэ хвалю «хуткай дапамогі». Калі я ім дам сігнал, без прамаруджвання кінуцца нам на дапамогу. Але да гэтага не дойдзе.

Дрыжыкі, адчуваю, пачалі пакрысе праходзіць. Я суняў яе страх і хваляванне.

— Добра, Антон. Цяпер усё добра, пайшлі...

Мы лічым у думках прыступкі, збіваемся, зноў лічым. А ім і канца няма. Пушкарчук, пэўна, бачыў, што не адстаём, таму спыніўся і чакаў. Не клікаў — як быццам не хацеў трывожыць спакой прашчураў.

— Ну ўсё, прыйшлі, — спыняецца Мікола каля трох дзвярэй. — Вось тое раздарожжа, пра якое я казаў. У правым я быў. З чаго пачнём?

— З правага і пачнём. З таго, вядомага. І там не будзем затрымлівацца. Так, Наташа?

— Так, так. Грот закаханых... Мікалай Мікітавіч падрыхтаваў нас, таму сюрпрызаў не будзе. Рушылі...

Голас у яе спакойны, упэўнены, і тое мяне радуе. Значыць, перамагла сябе. Яна першай і накіроўваецца ў прамавугольную цемру.

Не ведаю, як яна, а ў мяне адразу пабеглі па целе мурашы — відовішча жахлівае. Калі Мікола пабыў тут усяго некалькі хвілін, го нам трэба абследаваць усё тут да драбніц — мо што цікавае адшукаем. А мо і не адшукаем.

Да мяне дакранулася рука Наташы. Сціснула маю руку. Але я не адчуў тых штуршкоў, што пульсавалі раней, — кроў пералівалася па венах роўна і рытмічна.

— Антон, марудзіш, — незадаволена папракае Мікола, і я зразумеў, што ад мяне патрабуецца — дастаў з рэчавага мяшка «Зеніт» і колькі разоў бліскаю ўспышкай. Зрабіў некалькі панарамных здымкаў і буйным планам — паржавелае жалеззе і амаль сатлелыя косці людзей.

У гэты ж час Наташа пачала абследаваць кожны метр грота — зазірала ў шчыліны, разглядвала падлогу і сцены. У кутку адшукала нейкую кнігу. Вокладка ў яе амаль струхлела, як не сыпалася, а вось старонкі былі цэлыя, хаця і яны паддаліся часу.

— Што гэта? — нахіліўся я да дзяўчыны, памагаю трымаць цяжкую кнігу.

— Не ведаю, Антон. Але гэта, здаецца мне, вельмі каштоўная кніга. Дарагая рэч. Вось што напісана ў ёй: «Суцяшальнік для закаханых, складзены Сігізмундам. Для закаханых гэтыя прытчы. Для вас, у якіх душы непарочныя і чыстыя. Такім вас і прыме ўладар, і ўзнясе на самы высокі свой прастол. То не я вас клічу. Гэта Усявышні кліча вас да сябе ў госці... Бо яму трэба душы чыстыя і непарочныя. Вас напаткала вялікае шчасце — быць у гасцях у Бога. Вашым каханнем будзе жыць яго душа, і ён будзе прадаўжаць жыццё на зямлі. Вам будуць удзячны нашчадкі за вашае ўзыходжанне ў завоблачныя высі...»