Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 46

Анатоль Бароўскі

Чад пакрысе рассейваўся. Чад губляў свае чары.

Пушкарчук сядзеў, заняўшыся сваім, — пісаў нешта ў сшытку. Пісаць для яго — вялікая мука. Лепш вылепіць дзесятак сюжэтаў з гліны, чым напісаць паўсгаронкі. Хутка пісаць ён не навучыўся, а пісаў павольна, па кожнай літары, як першакласнік.

Ён пакутаваў, калі яму даручалі альбо прасілі напісаць нейкую паперчыну. Яго часта выбіралі ў прэзідыум, даводзілася весці пратакол сходу. Каб начыста аформіць, ён браў чарнавікі дадому. Потым знаходзіў час і афармляў альбо ў сябе ў майстэрні, альбо прасіў адрэдагаваць Зялёнку.

Памагала і Наташа. Іншы раз ёй хацелася і перапісаць пратакол, але Мікалай Мікітавіч часта ўпарціўся:

— Не, мой почырк ведаюць, а так скажуць, што я некаму давяраю сакрэты партыйнай арганізацыі.

— Якія ж могуць быць сакрэты ў партыі? — смяецца Наташа. — Калі сакрэты, то нешта робіцца супраць сумлення...

Пушкарчук, само сабой, жартаваў, ён расказваў, як на сход прыходзіла сакратар гаркома партыі Гаўральцова — жанчына строгая і лядашчая, з вострым падбародкам. Не любіла, калі ёй пярэчылі, калі не згаджаліся з ёю.

Задалі ёй пытанне:

— Чаму, Рыта Хведараўна, тварагу няма ў магазінах?

Доўга не думаючы, параіла:

— А вы купляйце малако, стаўце ў цяпле, каб скісла. А потым з яго тварог рабіце. Я, напрыклад, так і раблю...

Ставілі пытанне аб забеспячэнні горада малочнымі прадуктамі, яна ж звяла ўсё на параду — рабіце, як я. І расхацелася задаваць ёй новыя пытанні, маўчалі.

— Мікола Мікітавіч, а калі мы пойдзем у шаснаццатае стагоддзе?

Ён весела смяецца, шкрабе падбароддзе, адкладвае паперы:

— Не церпіцца? Правільна. Во цяпер я пачуў, што ты маеш такое жаданне. А пойдзем заўтра. З раніцы, у суботу, ты вольная. Трэба апрануцца адпаведна. Возьмем з сабою ліхтары, вяроўчыны, фотаапарат і ўсё астатняе. Вечарам сёння абмяркуем усё падрабязна. Бо туды, у грот, трэба ісці падрыхтаваным — і духоўна, і фізічна. Бачу, не здагадваешся, куды пойдзем? У падзямелле. Пад каралеўскі замак. Я знайшоў патайны ход. Жудаснае там убачыў: шкілеты людзей, катавальню. А што ўбачым яшчэ, не ведаю...

І вось мы ў падзямеллі...

Пушкарчук выняў тую доўгую камянюку, і злева перад намі лёг мосцік. Пра ўсе тайны спускання ўніз нам апавядаў Пушкарчук на «вячэрнім паседжанні» ў маёй майстэрні. Па плану мы не павінны былі затрымлівацца, а толькі прабегчы вокам.

У кожнага на грудзях вісіць ліхтар, святла якога хопіць на некалькі гадзін. І яшчэ запасных узялі два акумулятары. Наташа ўзяла аптэчку — з бінтам, ёдам, эфірам і спіртам.

Пушкарчук спускаецца першы. Я за ім. Памагаю спускацца дзяўчыне — трымаю за руку, чую, як пульсуюць вены. Не цікаўлюся, як яна адчувае сябе, які настрой: разумею праз яе далонь. Мы ў чаканні нечага значнага і унікальнага.

— Не спяшайся, Антон, я не паспяваю ставіць ногі на прыступкі, — просіць яна, трымаючыся за мяне.

Я стрымліваю крокі, адчуваю вінаватасць перад ёю.

Мікола маўчыць. Ідзе павольна, раз-пораз аглядваецца, міргае, падбадзёрвае. Потым знікае за павароткай — толькі водсветы ад яго ліхтара скачуць па крутой сцяне. Шэры цень сунецца па ёй, пераломліваецца на столь. У мяне за спіной рэчавы мяшок, куды мы склалі ўсё неабходнае, што магло б спатрэбіцца ў любы момант — чаканы і нечаканы.