Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 45

Анатоль Бароўскі

Але апошні сказ яна не прамовіла, кісла ўсміхалася, адчула, як нешта пякучае і адначасна незразумелае салодкае пачуццё варухнулася пад сэрцам.

Ён абрадаваўся сустрэчы, сядзеў за сталом, шмат піў. І гаварыў, гаварыў... Словы былі цёплыя і шчырыя, і вочы ў яго ад шчырасці вільгатнелі. Але яе ўжо не вельмі краналі яго прызнанні, бо ўжо не верыла ім. Пачынала ўжо не верыць. Да грота яна тады не прыглядалася, нічога ў вочы не кідалася. Яна асабліва і да слоў не прыслухоўвалася. Хаця яны калолі яе, пранізвалі нябачнымі іголкамі, хвалявалі, як і раней.

— Ты не слухаеш мяне? — ён перапыніў паток слоў нечаканым пытаннем і маўкліва ўтаропіўся ў яе, заўважыўшы абыякавасць у позірку — скіраваным некуды ў глыб зямлі.

— Чаму ж не слухаю? Складна гаворыш. Як спяваеш. Як і некалі. Праўда, больш прафесійна. Каб першы раз слухала, не ўтрымалася б і прыняла б за чыстае золата.

— Што з табой? Нічога не разумею. Ты не верыш майму ніводнаму слову?

Вочы ў Баброва карычневыя. Яны маюць здольнасць мяняцца, перайначвацца — то робяцца страснымі, палаючымі ў сваёй неўтаймаванай закаханасці, то ўмольнымі — у залежнасці ад таго, чаго хоча дабіцца. Усе штрыхі яго паводзін Наташа вывучыла дасканала.

— Веру, Баброў. Усяму, што ты гаворыш.

— Ну, хочаш, я кіну жонку і жанюся з табою?

Яна ўсміхалася. На нейкую хвілю зазірнула яму ў вочы, але не ўбачыла ў іх сапраўднай шчырасці. Хаця і верыла, што ён можа так зрабіць...

— Навошта такія ахвяры дзеля мяне, таварыш Баброў? Хіба я заслужыла такое, га? Лухта то ўсё, лухта.

— Ты памыляешся. Я ведаю, што шмат прычыніў табе балючых хвілін. Таму ты мне і не верыш. Прывязаўся я да цябе за гэты час.

— Беднае тваё сэрца. І ўсім там ёсць месца. Нават маёй сяброўцы.

— Няпраўда, — перакрывіўся Баброў — не спадабалася, што Наташа ўведала пра яго заляцанні.

— Хіба ж яна табе не спадабалася? Шкада... А яна ад цябе «в восторге».

— То няпраўда ўсё! — перасмыкнуў ён губамі. — Я не ведаю, што яна табе напляла, але я не быў у яе.

— І разам вы не былі ў доме адпачынку?

Нн апусціў галаву, уздыхнуў.

Заблытаўся ты зусім. І не ведаеш да якога берага прыбіцца. І няма каму пашкадаваць цябе, бедненькага. Вось і шукаеш ты маё плячо, каб паплакацца на ім, выліць дурныя слёзы, якія ты прыдумаў. І бяду сваю прыдумаў, узвёўшы ў гора.

Наташа адчула раздваенне. Адна палавінка хілілася да Баброва, другая — праклінала яго. Чатыры гады тайных сустрэч наклалі свой адбітак...

— Нічога я не прыдумляў. Як добра, што ты ёсць. Ты толькі скажы... Зразумей, рана ці позна тое павінна здарыцца.

— Не трэба. Нікому — ні табе, ні мне...

Ён сашчапіў пальцы і паклаў рукі на стол. Потым, апамятаўшыся, разняў іх і правай паціснуў яе руку — халодную і абыякавую. І як нешта зразумеў, бо нахмурыўся, сціскаў далонь мацней і мацней. Яна не закрычала, не войкнула нават. Як быццам і не адчувала болю. Бо гэты боль у параўнанні з тым, што ён дарыў ёй да гэтага, быў нішто.