Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 44

Анатоль Бароўскі

— Жартуеш?

— А жарты — хіба няпраўда?

Вось і пагавары з ім пасля гэтага, выпытай у яго што-небудзь і ніколі ведаць не будзеш — хлусіць ён ці жартуе, праўду мовіць ці здзекуецца.

Але мы на яго не крыўдуем, нам падабаецца такая з першых дзён уведзеная гульня. Таму кожны з нас гаворыць усё, што захоча, прыдумляе, выдумвае, нагаворвае на сябе. З усёй мешаніны слоў мы выбіраем зярняткі праўды і адкрытасці.

— Дзівосы на белым свеце! — носіцца па хаце Валер. — Як вам цяжка жывецца! Як гэта можна без чаргі, за хабар, атрымаць кватэру? На дом завозяцца дэфіцытныя тавары і прадукты — яна, партыйная эліта, даўно ўжо жыве пры камунізме. На базу прыбываюць андатравыя шапкі і імпартныя футры. Першы сакратар дае загад кіраўніку гарспажыўсаюза забракаваць тыя тавары і даць у продаж за капейкі. Пакупніком жа будзе жонка першага сакратара.

— Чаму — цяжка? — здзіўляецца Мікола. — Наадварот, цікава. Кожны дзень — барацьба. За нешта змагаешся, некага пераконваеш. Народны музей павінен быць у горадзе, я яго ўсё прабіваю, прабіваю... Быццам сабе хату. Наташа вунь у музеі працуе, краязнаўчым, а дзе той музей — на чамаданах сядзяць, на папках. А экспанаты гінуць, псуюцца...

— Антоне, мне яшчэ порцыю, — просіць Валер і падае кубак.

П'ём гарбату да позняй ночы.

Дадому ідзём з узнёслым настроем — як пабылі ў чысцільны Напэўна, так наведвалі царкву нашы дзяды і выходзілі з яе духоўна светлымі, верачы, што ўсё чорнае і злое пакінула іх, а ў іх душах пасялілася толькі дабрыня і шчасце.

Нейкай магутнай і невядомай сілай валодаў паэт Валер Арлоў. Магічнай сілай уздзеяння на чалавека. Уздзеяння дабром.

12.

— Хочаш з намі падацца ў шаснаццатае стагоддзе? — папытаўся ў Наташы Пушкарчук, паглядзеў сур'ёзна на яе і вокам не міргнуў — як быццам пацікавіўся, ці не хоча яна выпіць шклянку вады.

— Як гэта?

Наташа настроена на жарт, таму чакае, калі Мікола адкрыецца і сэнс сказанага праясніцца. У яе рука так і спынілася каля вуха, калі папраўляла косы.

— А так. Ты была калі ў «Гроце закаханых»?

— Была. І не так даўно. Быў дзень нараджэння ў маёй сяброўкі. Пілі шампанскае, танцавалі...

— Калі ты смелы чалавек, я завяду цябе ў другі грот закаханых, які заснаваў кароль Сігізмунд.

— Нічога не разумею.

— Зразумееш потым.

Наташа ўздыхнула: Мікалай Мікітавіч такі — ніколі загадзя не адкрыецца, любіць ён цікавае падаць тады, калі наспела такая неабходнасць. «Грот закаханых»? Але пры чым тут «грот»?

Ёй чамусьці ўспомніўся той вечар, калі сяброўкі запрасілі яе па вечарыну ў «грот». Было весела. Танцавалі, дурэлі, гаварылі жартоўныя тосты імянінніцы, смяяліся... Міргалі каляровыя лямпы. Мелодыі «Боні-М» і Пугачовай уздымалі настрой. Прымушалі забыцца пра дзённыя клопаты і непаладкі. Праўда, яна там была ўсяго другі раз... У першы — з ім, Бабровым. Пазваніў дадому і сказаў, што хоча сустрэцца, што яму вельмі цяжка.

«Ты клічаш тады, калі цяжка?» — «Я не ведаў, што так можа быць цяжка без цябе, павер, Наташа, я кажу праўду...» — «Ты заўсёды казаў праўду, я ведаю». — «Прашу вельмі, давай сустрэнемся...» — «Дзе?» — «У «Гроце закаханых». — «Сапраўды, мы вельмі падобныя на закаханых...»