Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 43

Анатоль Бароўскі

Мы праходзілі паўз той будынак, дзе была рэдакцыя газеты. Яна зірнула ўверх, моцна прыціснулася да мяне.

— Там за акном сядзіць ён. Часта заседжваецца там. Нешта піша. Казаў, кнігу.

— Я кіну туды бомбу. Невялічкую.

— Не трэба. Нічога не паможа.

Потым кубачак падаю Валеру. Пасля Міколу. Сабе наліваю апошні. Здаецца, што мы ў лесе, што цвіце ліпа і каліна, духмяніць пахам на ўзболатку багун.

Слабасць мая — гарбата. Дзе б ні быў, куды б ні ехаў, заўсёды знайду час збегаць на мясцовы базар, каб пацікавіцца ў бабулек і дзядоў пра харошыя зёлкі. Па вясне і летам сам выбіраюся ў лес, па сваіх патаемных сцежках шукаю іван-чай, корань валяр'яну, дзівасіл...

— Валер, прачытай нам што-небудзь новае.

— Новае? — перапытвае ён і ўсміхаецца. — Адзін філосаф сказаў, што новае — гэта забытае старое. Але ж — слухайце.

З табой мы перад Богам чыстыя — Ён не асудзіць і не папракне... Любыя я ў жыцці нягоды выстаю, Пакуль жывуць у мроях у мяне — І вуснаў шэпт. І ціша гойная. Раса з травой. Пяшчотны позірк твой... І неба ў зорках, як дыван, прасторнае — Прыгожае нябеснае шытво... Ты не кажы, што ўсё мінулася, Што снег схаваў твае сляды... Пачую я чаканне ў тваім голасе, Як зноўку згінуць злыя халады. З табой мы перад Богам чыстыя. Ён не асудзіць. І не папракне... Любыя я ў жыцці нягоды выстаю — Абы святло жыло ў тваім акне.

Я заўважаю, як пунсавее Наташа. Паднесла да губ кубак, схіліла галаву і, не адрываючыся, п'е і п'е гарбату.

Адкуль, адкуль Валеру вядомы яе боль, які не знікае, мучыць, непакоіць? Адкуль ведаць яму, што тое акно ў яе жыцці прынесла шмат радасці і гора, шмат горкіх мінут і хвіліны шчасця... Не само акно, а той, хто за ім сядзіць...

Мы маўчалі. Мы ніколі не давалі ацэнку вершам Валерыя — не хвалілі, не ганілі. А ён тады доўга маўчаў, стамляўся ад чытання. Калі браў кубак, ледзь заўважце дрыжэлі рукі.

Пазней зразумеў, што той верш пісаў не Арлоў. Яго пісаў я. Бо я так думаў. Значыць, ён разумеў маю душу. Але як? Якім чынам?

Хто сказаў афарызм: «Шчасце — гэта калі цябе разумеюць». Для каго шчасце? Для таго, хто разумее, ці для таго, каго разумеюць? Выходзіць, мы ўсе, утрох, шчаслівыя, бо нас разумее Валер? Мы разумеем яго, значыць, і ён шчаслівы? Як хочацца згадзіцца з афарызмам.

— Ну, чаго замоўклі? Як быццам я прачытаў нейкі некралог добраму чалавеку... — Валер круціць колы сваёй каляскі, ганяе яе па пакоі — то да мяне, то да Наташы, заглядвае кожнаму ў вочы. ён быццам хоча даведацца, як мы аднесліся да прачытанага. Але мы ведаем, што яго асабліва не турбуе, як мы ацэнім верш. Проста ён хоча вярнуць нас да нармальнага стану, у якім мы былі раней.

— А мы не маўчым, — гаворыць за нас Наташа, спусціўшы ногі на падлогу. — Мы думаем.

— Пра што? Пра вясну, пра восень? Пра галактыку Эль?

— Пра ўсё. Адкуль у цябе гэтыя радкі. Хто табе падказаў іх?

— Хто?.. Канешне, Чыр. Ён лётае па горадзе, збірае сюжэты і расказвае мне. Ён ведае пра кожнага з вас усё-ўсё, бо лётае над вашымі галовамі, сочыць за кожным крокам, ён не шпіён, ён — мой перыскоп і антэна. Сувязь за знешнім светам.