Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 42

Анатоль Бароўскі

Да ганка, равучы сірэнай, пад'ехала «хуткая дапамога».

— Пайшлі! — зноў загадаў Антон і піхнуў у плечы. — Нас тут не было, ясна?

— Ясна, — невядома чаму падтакнуў сябар, усё яшчэ не разумеючы, што адбываецца з Антонам і што здарылася з Ганчарэнкам.

Яны амаль подбегам шыбавалі па тратуары, пасля звярнулі ў сквер.

Антон маўчаў, нешта абдумваў. Убачыў таксафон, чамусьці пабег да яго, але доўга не набіраў патрэбны нумар.

— Алё, Наташа... То я... Час маеш? Ды нічога, да Валеркі ў госці сходзім. Пасля работы? Добра, мы з дзедам ідзём да яго.

Пагрозліва завываючы сірэнай, неслася да бальніцы «хуткая дапамога». На машыну Зялёнка нават і не паглядзеў — безуважна ўперыўся ў тэлефонную трубку.

Мы сядзім у Валеркі дома. Праводзім чарговы дзень нашых душ. Не ведаю, як у Наташы і Пушкарчука, а мая зачарсцвела, зрабілася чорнай, пакрылася сталёвым панцырам. Да яе не даходзіў чалавечы боль. Чужы боль.

Я стаў патэнцыяльным забойцам. Не маючы на чужое жыццё аніякіх правоў. Ніхто не здагадваўся, што я забойца.

Такога дурня, як я, напэўна, і ў свеце не знойдзеш. На што патраціў першы цуд? Чаму навучыў мяне Бог?

Гэта ж дадумацца — узляцеў на дуб. Рукі засвярбелі, крыламі захацелі быць. Ну і чаго дабіўся? Здзівіў не толькі Наташу, а і ўвесь горад — пагалоска пайшла, што Зялёнка не ў сваім розуме. Сапраўды не ў сваім... Лепш бы Наташу шчаслівай зрабіў, каб не мучылася, не ўспрымала жыццё такім, як яно ёсць.

А другі цуд — на што аддаў? На мэра... Ну, другі будзе, трэці, а хіба што зменіцца?

Мяне прыгнятала пачуццё незадаволенасці і няправільнасці здзейсненага — якое я меў права судзіць яго? Хто я — суддзя? Абаронца? Кат? Такога ж не можа быць, каб быў кругом вінаваты. Няўжо не было ў яго ніводнай добрай справы? Было. І не раз. Я ж з такім поспехам мог бы забіць Баброва альбо ажывіць тую, каго ён «забіў»...

Ад невыноснасці пацягнула мяне да Валеркі.

Наташа сядзіць на канапе, падкурчыўшы ногі, нібы школьніца. Пушкарчук схаваўся ў глыбокім мяккім крэсле, а я хаджу то на кухню, то назад — на пліце вось-вось закіпіць чайнік. Гарбату гатаваць даверана мне.

У фарфоравым чайніку я перамяшаў зёлкі і крупінкі чаю. Калі ж прынёс гарбату да гасцей, паставіў на столік, прыўзняў вечка, па хаце залуналі пахі палескіх лугоў...

— О-ооо, — удыхае Валер глыбока носам і заплюшчвае ад задавальнення вочы, — перад тым як пакаштаваць яго, ужо язык адчувае смакату.

— Правільна, Валер. Так мне і казалі індусы ў Гімалаях.

— Ты быў у Індыі, Антон? — здзіўляецца Наташа. — Ніколі ж і не гаварыў...

— Не гаварыў.

Цёмна-карычневую пахкую вадкасць разліваю па кубках, першай падаю Наташы.

— Дзякую табе, чараўнік, — усміхаецца яна і асцярожна робіць першы глыток. Адпіла раз, другі, задумалася, пахваліла: — Цудоўны напітак!

Дзяўчына глядзіць задумліва за акно. Думае пра нешта сваё, а мне чамусьці ўспамінаецца, як яна тыдзень назад гуляла са мной па горадзе. Блукалі проста так, каб пабавіць час — выцягнула мяне ў кіно, насварылася нават, што я сіднем сяджу ў майстэрні і не выходжу на белы свет.