Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 202

Анатоль Бароўскі

І суткі, і двое, і на трэція не выходзіў са сваёй хаты Паласацік. На чацвёртыя, пасля выбуху, асмеліўся, падпоўз да выхаду.

Першае, што адчуў, — перастала сваволіць Рыжуха. З панадворку несла чыстым паветрам. Надакучыла, значыць, пераканалася, што не дамагчыся ёй свайго, ён асмялеў яшчэ больш і выглянуў з нары. Нікога не было. Прынюхваючыся да зямлі, ён спыніўся — на траве і пяску ўбачыў кроў. Яна яшчэ не высахла і не выветрылася пад ветрам. То была яе кроў, Рыжухі... Няўжо выбух і яна — адно? Паласацік рабіў круг, яшчэ адзін вакол гэтага месца і адкрыў для. сябе яшчэ адно — выбух зрабіў чалавек. Той чалавек, які паслаў маланку на ваўка, выратаваўшы яго, Паласаціка, ад вострых зубоў.

Выратаваў Дабрадзей. І ўжо не першы раз...

Ён лапамі зраўнаваў тую мясціну, дзе была кроў. А на сыры пясок пусціў гарачы струмень — абазначыў сваю тэрыторыю.

Вікця якую ўжо раніцу падымалася позна. Не спала, ляжала ў ложку і няўцямна глядзела ў столь.

— Чаму сняданак не рыхтуеш? — стаяў у парозе спальні Жамойда — рыхтаваўся галіцца, у руках трымаў мыльніцу і памазок.

— Сам гатуй. Абрыдла мне ўсё...

Казіміра гэта ўзлавала. Падышоў да яе, на грудзях жменяй згроб начную кашулю, крутануў, размахнуўся, ударыў.

Яна маўчала. Нават не плакала...

Вечарам, у суботу, і канчаліся трэція суткі, як абляпіў Жамойда сваю галаву па рэцэпце Шкваркі.

Пякці галаве пачало на другія суткі. Але Казімір трываў, цярпеў. На трэція месца не знаходзіў.

Прыджгаў дадому хутка, кінуўшы ў лесе недаробленую работу. Папрасіў жонку, каб нагрэла гарачай вады — памыць пасля ўсяго галаву...

Вікця ўключыла газ, паставіла каструлю з вадой.

Ён зняў шапку, кінуў яе ў парог. Пасля пачаў павольна адрываць месіва ад галавы. Яно засохла, стала бы панцыр чарапахі, не паддавалася. Тады ён папрасіў Вікцю наліць у таз вады. Апусціў туды галаву.

Нічога не памагала. Вікця здагадалася, што Паўло ўтварыў над Жамойдам вясёлую камедыю.

— Падла, прыліпла — не адарваць... — соп Жамойда, не ведаючы, якой даць рады — круціў і так, і гэтак, усё яшчэ не здагадваючыся, што адбылося. — І не сказаў, як далей быць. Памажы, Вікця, не адарваць.

— Як жа я памагу, давай ірвану, — сказала сур'ёзна, душачы ў сабе смех.

— Не-е... Прыдумай што. Мо ручніком гарачым галаву абгарнуць? Размякчэе?

Яна пастукала па ссохлай масе — аж звінела, як каска матацыкліста зрабілася.

— А ты матацыкл купі, — нечакана параіла яна.

— Навошта?

— Шлем гатовы, і здымаць не трэба.

— І ты туды ж... згаварыліся... — Жамойда застагнаў. — Заб'ю гада, з двух ствалоў. Насмяяўся, падла. А я дурань... М-мм... Што ж зрабіць?

Тады ён сабраў усю сваю волю і цярпенне, са злосцю крутануў на галаве «шлем». Крычаў і рваў, праклінаючы Шкварку і сябе заадно, што паверыў. Адарваў... Кінуў вобземлю, да люстэрка кінуўся — не стала і тых валасоў, што былі. Павырываў з коранем...

Раніцай ён пабег да лесавозаў — шукаў Шкварку. Мацюкаўся, абяцаў адправіць на той свет.

Карабкоў падпісваў дакументы, разам з усімі глядзеў на раз'ятранага лесніка.

— Я яму, падлюцы, не забуду, так і перадайце. Хай сюды і носа не кажа. Я яму пакажу Настазін рэцэпт — век помніць будзе...