Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 201
Анатоль Бароўскі
Галя яшчэ больш пачырванела, адчула сябе няёмка, што абражана родным бацькам — ніколі бацька так не сварыўся на яе, але маўчала, нічога не гаварыла, паднялася, накінула на плечы блакітны, у кветкі, сітчыкавы халацік.
— Тут вы не правы, — падняўся Валянцін.
— А ты б ішоў адсюль і не ўказваў, — спакойна параіў Міхалап — рыкашэтам вымяшчаў свой боль на малодшым Жамойдзе, не змогшы аддаць яго там, у лесе. бацьку. — Кветачкі дорыць, бачце. Чаму толькі вас вучылі ў інстытуце? Яны ж, ліліі, у Чырвоную кнігу занесены. А, што з табой гаварыць, табе ці чырвоная, ці сіняя. Рукі мала паабрываць за іх.
— Ну, знаеце, — не вытрываў абразы Валянцін.
— Знаю, знаю. Ідзі, хлопча, дадому. А ноччу паабяцай Верны белую яхту і кругасветнае падарожжа...
Валянцін зніякавеў. Паглядзеў здзіўлена на Міхалапа, пасля на Галіну, разявіў рот, хацеў нешта сказаць — і не сказаў.
Адно хіба непакоіла, брала шкадаванне: Валік быў Вікцін сын... Але непадобны быў на яе ні кропелькі — увесь у бацьку, выліты. І характарам, і паходкай. Шкада стала Вікцю — не знойдзе яна ў сыне апоры.
Было жаданне самому пакупацца, змыць з сябе пот і пылоту, але расхацелася ды і не той момант. «Не, лепш я ўжо ў дзеда лазню напалю ды папаруся, — рашыў ён і падаўся берагам дадому. — Ды і даўно венічак бярозавы па спіне хадзіў...»
Галіна ішла позаду, маўчала. Перад самай вёскай, як падышлі, міргануў і сказаў:
— Што, на бацьку засердзілася? Няласкава пагаварыў? Так трэба было, дзіця маё, пагаварыць з ім. Пусты ён чалавек, па свеце без разбору словы раскідвае.
Не крыўдуй, з кім хочаш праводзься, толькі не з ім. Гэта ён з Веркай Чыкановай баіў байкі пра падарожжа, абяцаў шмат.
Дачка зразумела, ціха адказала:
— Я не злую. Я купалася, а ён падсеў.
— Ну то і добра. Прабач, калі ў нечым пакрыўдзіў. Пайшлі дадому...
У варотцах іх сустрэла Лоша, матлянула галавой, як дакарала, што позна ішлі дадому.
Барсук баяўся вылазіць са сваёй нары.
Той выбух, што грымнуў каля нары, напалохаў яго і сям'ю. Ён доўга валаводзіўся з Рыжухай, якая рабіла яму агіднасці, цярпеў яе здзекі. Як толькі наступала ноч, ён чысціў подступы да свайго селішча — адносіў далей смярдзючыя косткі, здохлых і задушаных птушак, нечыстоты, што пакідала хітрая і настырная суседка.
Здаралася, што ён пасля бег на жыраванне з жонкай і дзецьмі — трэба ж нагульваць тлушч на зімку. Бо будзе яна снежнай і марознай, а потым у цёплай хаце чакаць вясну. Прыбяжыць назад — а ўваход зноў завалены гніллю і брыдотай, хоць нос у зямлю хавай. Паласацік зноў прымаўся за работу, як і раней, злуючы на неўтаймаванасць ліскі, гатовы разарваць яе на дробныя шматкі, як яна некалі на яго вачах качку з пераломаным крылом...
А аднойчы, блізка падпоўзшы да Рыжухі, калі тапталася ў нары, Паласацік адчуў, што яна смярдзіць смерцю. І ён спужаўся, пасунуўся назад: трывога закралася ў барсучынае сэрца — хвароба страшная, можа перакінуцца і на жыхароў нары. Тады ўцякаць трэба з гэтых мясцін.