Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 203
Анатоль Бароўскі
Хутка прыехаў і Шкварка. Ішоў смела насустрач Жамойдзе, усміхаўся, быў без шапкі — з ранейшай лысінай. Казімір вочы вылупіў, не цяміў нічога...
— Вечарамі я ў народны тэатр хаджу, — тлумачыў Шкварка, рагочучы, на Жамойду ўсхваляванага гледзячы, — а ў той дзень мне грым зрабілі. Каб, значыцца, да ролі прывыкаў — з кучаравай прычоскай я павінен быў выглядаць... вечарам на сцэне. А Жамойда ўбачыў, пазайздросціў маім кучарам, рэцэпт маладосці папрасіў.
Рогату было на ўвесь Спрымачоў.
З таго часу вяскоўцы да мянушкі Жмонда дадавалі «матацыкліст са шлемам».
Бацька, выходзіла, не жартаваў, калі казаў Сяргею, каб кідаў сваю меліярацыю. Прыпяў яго дома вечарам зноўку. На твары рашучасць і суровасць.
Тады ж, як вярнуўся ад Громава, адразу падзяліўся Косцік радаснымі навінамі. Сказаў, што сустрэча прайшла добра, што сакратар выслухаў уважліва яго, нагаварыліся ўдосталь.
Бацька шчыра верыў у добрыя перамены.
— Дык як. сын? Трэба рашаць, — настойваў бацька. — Выбірай: ці сваё меліяратарства, ці лес... Потым будзе позна.
— Дай падумаць, бацька, — хмурыўся Сяргей, не могучы прыняць рашэння, — начальнік ПМК Крутанем прапанаваў пасаду інжынера. — Цяжка парваць усё раптам...
Да Косціка Карабкоў завітаў пад вечар, калі сонца ўтапілася ў Княжына. Ляснічага Косцік амаль не прызнаў — твар зямлісты, вочы чырвоныя і невідушчыя.
— Налі, Косцік, не магу болей трываць... Смыліць усё.
Міхалап наліў па паўшклянкі — сабе і госцю. Паліна ў двор выйшла, як адчувала, што нездарма ляснічы прыйшоў да іх. Прыходзіў рэдка, у самыя цяжкія для яго часіны.
Дзынкнулі чаркамі.
— Ты вось што, Канстанцін Мінавіч...
Рыжыя бровы апусціліся на вочы, схавалі іх, на галаве быццам агонь разгараўся — усе валасы меднавогненныя.
— Ты не зважай, што я такі сёння... Ат, нешта са мной робіцца. Ты чаму сабе хату не пабудаваў, як Жамойда, га? Не гаворыш, маўчыш... Шкада, што не настояў, не прымусіў.
Карабкоў схіліў галаву, сціснуў яе далонямі. Цяжкацяжка ўздыхнуў. Як плакаў. Які цяжар ляжаў у яго на душы, Міхалап не ведаў, але здагадваўся.
— У вайну, брат, лягчэй было. А цяпер сябе ненавіджу. Сёння ў цане брахня, падман. Напляцеш сто бочак хлусні, даклад ружовы напішаш — анёлам станеш, ягнём бяскрыўдным. Тады такога цябе і начальства паважае, ты тады ім верны і надзейны памочнік. А я не хачу, Косцік, сіропам іх карміць. У нас тут з табой — сэрца баліць і душа... А скажы ім праўду, вушы затыкаюць і слухаць не хочуць. Дагонім і перагонім? На чым — дагонім? А ці перагонім? Якая бязглуздасць ва ўсім. Капні яшчэ па грамчыку, Косцік. На глыток. Мне ж піць нельга. Дазнаецца жонка — павесіць, яй-бо...
Міхалап і сапраўды наліў па глытку — ведаў хваробу ляснічага. І не памятаў ніколі, каб той калі напіўся да чорцікаў.
Сярод ночы ў дзверы пастукала ўстрывожаная жонка Карабкова.
— Канстанцін Мінавіч, ці няма ў вас Андрэя Рыгоравіча?
— Не, няма. Звечара быў. А што здарылася?
— Трывожна мне. Апошнімі днямі сам не свой. Цяжка яму, вельмі цяжка.
— Мо ў канторы сядзіць. Казаў, што паперы нейкія дапісаць яму трэба.