Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 204
Анатоль Бароўскі
Карабкоў грудзьмі ўпёрся ў стол. Падклаў пад галаву выдаўжаную руку. Ў другой трымаў тэлефонную чорную трубку. Чуліся кароткія гудкі. Ляснічы паглядаў у акно, якое выходзіла ў Княжына.
...Карабкова хавалі ўсёй вёскай.
Школьнікі на падушачках неслі ваенныя ўзнагароды ляснічага, былога капітана-артылерыста. Леснікі -толькі цяпер убачылі, якім заслужаным чалавекам быў Карабкоў: ніколі не расказваў пра вайну і не насіў узнагарод. Як саромеўся ўсё роўна.
Вечарам, пасля памінак, бацька вярнуўся дадому, сеў на лаўку. Падсеў Сяргей, паклаў руку на калена:
— Я ўсе зразумеў. Я выбіраю, бацька, Княжына...
Косцік моўчкі сашчаміў сынаву далонь, ледзь заўважна хітнуў галавой.
Пасля пахавання Карабкова ў ім канчаткова выспела цвёрдае рашэнне.
Косцік, не дайшоўшы да Міколікавага броду, спыніўся каля тоўстай алешыны. Пастаяў у роздуме, паразважаў. Між алешын, з таго боку брадка, згледзеў Жамойду.
«Паджартую я з яго трохі, — надумаўся нечакана, і па-дурному ўжо гарэзлівая думка авалодала ім. — Не вечна ж яму пакепліваць з мяне...»
Міхалап стаіўся за алешынай, якую спаднізу абступілі густыя кусты з крапівой і дзікім хмелем. Калі ж Жамойда амаль параўняўся, не дайшоў з крокаў дватры, з-за алешыны высунулася чорнае, бы руля ружжа, тапарышча, і Косцік зычным голасам скамандаваў:
— Рукі ўверх!
Жамойда каманду выканаў бездакорна і з маланкавай хуткасцю, выпусціўшы з рук сумку, — ладкаваў на хаду нешта ў ёй. Збялеў, напалохаўся і нічога не разумеў. Але рук не апускаў, мусіць, чакаў нейкай развязкі ці новай каманды.
— Вольна! — загадаў зноў Міхалап, выходзячы са сваёй схованкі. Смяяўся шчыра і гучна, дадаў здзекліва, мацуючы ямчэй на плячы стрэльбу: — А здавацца ў палон ты мастак. Маста-ааак!..
Жамойда стаяў збялелы і адначасна напужаны, прыгнечаны абразай. Ад злосці забіла дыханне, здранцвеў язык, ніяк не мог апусціць рукі — анямелі.
— Ты... ш-шш... — скрыгатнуў зубамі, прашыпеў, — падла ванючае. Ды я шчас цябе адным махам да прадзедаў адпраўлю. — Ён ужо наставіў рулю — прама ў грудзі.
— Не адправіш, — уздыхнуў Косцік, нават і не глядзеў на яго, бы і не заўважаў чорнай адтуліны, з якой мог вылецець смяротны зарад.
Усё ж зірнуў у вочы свайму ненавісніку. Зірнуў зняважліва і пагардліва. «Дудкі, хрэна ты мяне возьмеш! Усе жыццё іклы выстаўляў, а не ведаеш, што рот у цябе бяззубы, гнілы. Пужаць мяне ўздумаў. Хопіць нас ужо...» У галаву лезлі дурныя каламбуры. Адчуваючы свой верх над ім, Косцік адчуваў унутраную асалоду. Помсціў за сябе і за ляснічага. І за Жменьку.
— Ўбяры стрэльбу! — раптоўна крыкнуў са злосцю Міхалап, вызверыўся, надаючы яшчэ больш пагрозлівы выгляд.
Руля апусцілася долу. Закалаціліся рукі — як хто піхнуў у плячо. Жамойда панікла апусціў галаву. Зняў зялёную, выгаралую фуражку, выцер рукавом лоб. Правёў языком па асмяглых губах.
«А баязлівы ты, як тхор, і такі ж смярдзючы...»
Жамойда ўпрэў ад дарогі, ад спякоты, ад нядаўняга сполаху. Ад яго патыхала едкай салёнасцю і прэлымі анучамі. У такую гарачыню — і гімнасцёрка, і боты. Як салдат — зімой і летам адным цветам.