Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 200

Анатоль Бароўскі

— Здароў быў, Міхалап!

На табе, Божа, што нам нягожа — на яго вырачыўся Жамойда, стаяў, ухмыляўся.

— Куды гэта ты спяшаешся, га? — зычна спытаў Казімір.

«Во, гэтага яшчэ не хапала — сустрэць яго, — думаў незадаволена Міхалап. — Лес вялікі, тысячы гектараў, а нам і размінуцца нельга на вузкай сцежцы...»

— Ды во, прыйшлося... — не скідаў Косцік дручок з пляча.

— Я ж бачу, упаляваў, — злараднічаў Казімір, глядзеў на лісу — абышоў Косціка. — На мяне дык у міліцыю заяўляеш, што пастраляў усіх лісіц ды куніц, а сам вунь...

— Дык я ж... — раззлаваўся Косцік, што не хацеў яго зразумець Жамойда, наліваўся гневам і незаслужанай крыўдай. — Сам бачыш, што з яе стала.

— «Дак я ж, дак я ж...» — перадражніў Казімір, язык высалапіў. — Лісіц сярод лета страляеш, што забаронена законам. На каўнер Паліне? — Жамойда здзекаваўся з Косціка, як хацеў, адчуваючы ў гэты момант сваю перавагу, радуючыся, што знянацкасцю збіў яго з панталыку, пакепліваў, прыдумваючы, каб як бальней укалоць яго, адпомсціць за апошнюю сустрэчу. Быў ён у зімовай шапцы, у нейкіх бінтах, і Косцік ніяк не мог даўмецца, чаго гэта ён у такім убранні — галаву застудзіў? — Скажу, не высокага гатунку каўнер выйдзе, але тваёй Паліне і такі сайдзёць...

Сказаў і пасунуўся ў гушчарняк, каб не даць апамятацца Косціку. А ён стаяў, разгублены і зняважаны, не ведаючы, што здарылася, у чым ён прайграў...

— Кароста ў яе! — крыкнуў наўздагон.

Але слоў яго Казімір не чуў — быў ужо далёка, а мо і чуў, але не адгукваўся: сваё ён ужо сказаў — і не абыяк...

Косцік да Спрымачова дабраўся толькі пад вечар, калі дрэвы кідалі ад сонца доўгія цені.

Духата пакрысе ападала. Прахалодны вецер студзіў патыліцу. Не даходзячы да рэчкі, пачуў, як там шумна плёхаліся ў вадзе дзеці і моладзь. Дарослыя гэтую моду яшчэ не ўзялі.

«А чаму б і не акунуцца ў выхадны дзень? — як бы пярэчыў некаму Міхалап. — Адпачынак — святое дзела...»

Убачыў, што купаліся найбольш дзеці. Убачыў і Алеся сярод хлопцаў, нырцы даваў. Ляжалі на тым беразе дзяўчаты, хлопцы разам з імі.

За кустом вербалозу, да яго спіной, сядзелі хлопец і дзяўчына. Гаварылі пра нешта, смяяліся. Між іх ляжаў абярэмак белых лілій. Успыхнула злосць: «Бач, ліліі ім для кахання трэба, а тое, што яны завялі адразу, ім душа не баліць...»

Падышоў да іх, нахіліўся, узяў адну кветку з доўгім карычневым сцяблом, спытаў:

— Навошта ж такую прыгажосць губіць?

Абое павярнуліся, і ён здзіўлена ўбачыў, што перад ім сядзелі Жамойдаў сын. Валік, і дачка Галіна.

«Во, гэтага толькі мне і не хапала...»

— Тата, ён для мяне іх нарваў, — пачырванела, нясмела пачала апраўдвацца дачка, сумеўшыся, што бацька бачыць яе першы раз у ліфчыку і плаўках, ды яшчэ пры хлопцу. Яна заўсёды саромелася пераапранацца перад бацькам.

— А ты хто — царыца заморская, каб такое хараство дзеля цябе губіць?

— Канстанцін Мінавіч, мне здаецца... — пачаў абараняць Валянцін Галю, але не дагаварыў, Косцік яшчэ больш узарваўся і перабіў яго:

— Табе здаецца іншае, што ты заблудзіўся і не ў тыя вароты нос свой точыш.

— Тата...

— Цыц, ёлкі-маталкі, а цябе каб апошні раз з гэтым абібокам бачыў. Марш адсюль, пакуль дубца не выламаў ды не адлупцаваў.