Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 199

Анатоль Бароўскі

Дарога вывела да Алёсаў. Далей перайшоў рачулку па кладках, доўга ішоў насупраць цячэння — па беразе, па асацэ, па куп'ях, а потым рэзка скіраваў управа — на ўзгорак, спрэс пакрыты гнуткім чаборам.

Гэта і пачынаўся Барсучыны хутар.

Пракрадваўся асцярожна, стрымліваючы дыханне. Ён выбраў зручнейшую дарогу, каб Рыжуха, калі яна яшчэ ваюе з барсукамі, не пачула яго з ветрам. Стараўся, каб не хруснула ніводная галінка пад нагамі, каб не страсянуў неасцярожна ніводнага лістка. Стаіўся. Прыслухаўся: навокал было ціха.

Бачылася і гара, дзе жыў барсук і свавольнічала каля яго ліска. Толькі штосьці яе не відаць цяпер — мо адчапілася, мо зразумела, што задума не здзейсніцца. Падыходзіць не асмельваўся, каб не сапсаваць усё. Рашыў стаіцца на гадзіну-дзве, пачакаць, пераканацца ў чым-небудзь... Нешта трывожыла позірк справа, і Косцік павярнуўся, не вытрымаў: як нейкі магніт цягнуў. Пачуў сычэнне гадзюкі — яна ўспаўзла на пень і, здавалася, не хацела ўцякаць з аблюбаванага месца. Ён усміхнуўся — папярэджвала, каб не сунуўся да яе, не раздражняў...

— Ляжы, пяжы, месца і табе хопіць, — прашаптаў Міхалап, адсоўваючыся далей ад яе, каб не патрывожыць.

Здалёк ужо глянуў, усеўшыся: Модніца ляжала, скруціўшыся шэрым кольцам. Галава не падымалася, значыць, супакоілася, грэлася на сонцы...

Заверашчалі ў кустах сойкі. Яшчэ далей, у вершалінах, чахкаў дзяцел. Ветру амаль не было, твар авявала прахалода. Болей гадзіны ён не пакідаў сваёй схованкі — цярпліва чакаў. Над ім раскінула голлі ліпа, злева расла ляшчына. Перад вачыма, за хвоямі, праглядваўся ўзгорак.

Злева нешта мільганула — шэрае і нячутнае, але Косцік не зварухнуўся, нават не павярнуўся ў той бок. Вочы выпруціліся пільнасцю, слых лавіў, здаецца, шэпт травы. Яна, Рыжуха... ён убачыў яе на прагалку — ліска асцярожна пакруціла галавой, трымаючы нешта ў зубах, і Косціку прыйшлося нагнуцца, каб не ўбачыла, ведаў: вока ў яе зоркае. Але воч не спускаў, назіраў...

Зноў азірнулася. Нічога падазронага не заўважыўшы, супакоілася. І — шуснула ў нару. Зноў, значыць, дабівалася свайго. Асцярожна падняўся, трымаючы ў руках стрэльбу. Рушыў да яе. Спыніўся на пэўнай адлегласці, чакаў...

Рыжуха скора ж і вынырнула, села каля жытла Паласаціка, нічога не падазравала. Калі ж апамяталася і ўбачыла чалавека непадалёк ад сябе, было позна — з рулі стрэльбы вылецеў агонь.

Ліса спрэс была пакрыта каростай. І рыжай яе нельга было назваць. Патыхаў ад яе нездаровы смярдзючы пах...

— Закапаць цябе трэба. Заразная ты. Аднясу я цябе на Алёсы, там у мяне і рыдлёўка прыхавана...

Ён абадраў лыка ад ліпавай галіны, звязаў заднія ногі. Знайшоў дручок, прасунуў яго і паклаў на плячо. Мусіць, у барсучынай нары яна збіралася і памерці — была лёгкая, бязважкая. Здабываць ежу сабе яна ўжо не магла, ела, напэўна, толькі падаль, што пакідалі пасля сябе ваўкі. А рэшту, значыць, яна прыносіла барсуку.

Ішоў глухімі сцежкамі, каб і не напаткаць каго, каб людзі і не бачылі пакалечаную хваробамі лясную жыхарку.