Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 198

Анатоль Бароўскі

Косцік выбраўся на пагорак з жорсткім верасоўнікам.

Пасля дажджу мяккая парнасць — каласавікі сапраўды па-дурному лезлі з зямлі, пераблытаўшы свае мясціны, — вытыркаліся як не на кожным кроку.

«Вось тут я і назбіраю сабе торбачку, — цешыў ён вока, гледзячы на грыбныя сем'і. З балотца, што злева было ад яго, патыхнула духмяным сенам, учора пакладзеным у валкі — Чыкан выкасіў: людзі ніколі не займалі тую траву, бо цяжка яму дапяць у далёкія пракосы. Так і гавораць вяскоўцы — «там, за Чыкановым балотцам...»

На боты наліплі сцяблы зверабою, малачаю і гаркоўніку. Косцік узяў лявей, туды, дзе стаяў ссохлы дуб — кульці выставіў у неба. Яго можна было даўно пусціць на дровы, але не чапалі — у ім былі дуплянкі, сяліліся сіваваронкі, на вільчыку галкі гнёзды змацавалі, а яшчэ вышэй гняздзіўся чорны бусел — птушка вельмі чуйная і асцярожлівая. Інтэрнат, дый годзе!.

З бусла Косцік дзівіўся са сваёй схованкі. Блізка не падыходзіў — баяўся напалохаць. Вунь і буслянка Не такая, як у звычайнага бусла, уся навідавоку — ды яшчэ з колам ці бараной, чорны ўсё майстраваў сам, ды так, каб гняздо не было прыкметна для старонняга вока.

Бусла ў гняздзе не было.

«Мо дзе паляцеў здабываць вужоў і лягушак»,— падумаў Міхалап, сядаючы на пень, не зводзячы вачэй з буслянкі — была яна на самым вільчыку, невядома на чым і трымалася. Закурыць не асмеліўся — мог учуць. Пазалетась Стась лазіў на дуб, каб разгледзець гняздо. З фотаапаратам падымаўся. Расказваў, што складзена яно з розных сухіх галін, сучча і ўвесь будаўнічы матэрыял змацаваны глінай і зямлёю.

Калі белы бусел трымаецца жытла чалавека, не баіцца яго, то гэты, чарвяк, зашываецца ў глухія і дзікія мясціны, узбалоткі, густа агароджаныя хмызнякамі. Калі ў вёсцы можа насяліцца некалькі белых буслоў і разам лятаць на паляванне, то гэтыя сяброўства не любяць і селяцца адзін ад аднаго на адлегласці — вечная, пэўна, боязь, што можа не хапіць корму.

Ад доўгага чакання Косцік ужо занудзіўся і хацеў ужо закурыць, дастаў з кішэні «прыміну», як пачуў над галавой свіст — нізка-нізка праляцеў бусел, ён яго і разгледзеў за кароткае імгненне — галава, шыя і крылы былі чорныя, бліскучыя, з залаціста-зялёным і сінім адбіткам — неба з альшэўнікам адбівалася? — толькі вось грудзі і жывот былі сіваватымі, а дзюба такога ж колеру, што і ў белага.

Чарняк падляцеў да буслянкі, але не чулася прывычнага клёкату. Ён карміў буслянят моўчкі, нават прысеўшы ў гняздзе, баючыся, каб не высачылі, не прыкмецілі. Асцярожны і хітры. Косцік глядзеў, не адрываючыся, на буслянку, забыўшыся на курава, падумаў: «Цікавая птушка, далікатная і разумная». Колер мяняўся ў залежнасці ад надвор'я і зеляніны. Летась, як бачыў яго ў промнях сонца, то пер'е ў яго было не то залацістае, не то бронзавае — цяпер жа сінню адсвечвала, зеленню, фіялетавым колерам пералівалася.

Бусел як ціха прыляцеў, гэтак жа непрыкметна і кульнуўся з гнязда — толькі ўжо ў процілеглы бок.

Усё, хопіць адпачываць, падумаў Косцік, падымаючыся, і толькі цяпер закурыў з асалодай — дарога яго ішла далей па лініі, працярэбленай адразу пасля вайны. Калі адмервалі і абазначалі новыя кварталы.