Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 197

Анатоль Бароўскі

Не пабыў Косцік месяц на Барсучыным хутары, як ён прывык называць яго, і адчуў тугу і неспакой — як там паласатыя яго звяркі, ці не здарылася што з імі? Апошнімі днямі было шмат клопатаў з-за пажараў. То ў адным месцы ўспыхнуць, то ў другім. Косцік то сядзеў з біноклем на вільчыку дуба, — каля хаты змайстраваў назіральную вышку, то бегаў па сваім абходзе, работу рукам і галаве шукаў.

Ад клопатаў, бегатні і недаядання Косцік высах бы той таран, проста дзіўна было, як яшчэ і трымаўся на нагах. Шчокі паўпадалі, здавалася, прыліплі пашчэнкі адна да адной, нос завастрыўся. Твар загарэлы, як не чорны. Вочы ў Косціка з жывым бляскам, неспакойныя, як і заўсёды, хіба толькі адна непрыкметная рысачка з'явілася ў іх — жыццёвая мудрасць.

Чакалі ўстойлівага надвор'я — на Тройцу не замачыла зямлю. Косцік з мужчынамі выкасіў Броньку, высушыў і склаў на леташнія і новыя адзёнкі сена — зімой па марознай дарозе перавязуць яго ў хлявы лясніцтва. І пра сваю карову не забыўся — два калеснікі прывёз у двор, і сыны перацягалі яго на вышкі. Прагноз не падвёў, хто не запазніўся ці не ленаваўся, то сена прыдбалі.

А пасля ўжо спорна палілі дажджы. Спрымачоўцы радаваліся такому дажджу, бо пачало пікнуць долу бульбянішча, гурочнік пачаў жаўцець, а тут увачавідкі ўсё ажыло, зноў забуяла.

Неўзабаве ў лесе і каласавікі пайшлі. Акурат і ціха цяпер, пажары рэдка калі пасля такой макрэчы ўспыхвалі, хіба зласлівец які сярнічку ў шыгалле суне (і такое было, помсцілі лесніку), таму пайшоў да Барсучынага хутара са спакойнай душой.

Хвалявацца зноў за барсукоў былі прычыны. З месяц назад, калі праведваў іх, заўважыў няладнае — у барсуковай нары ляжалі косткі, ад якіх ішоў смурод. Косцік ведаў, што барсукі такога да сябе прынесці не могуць, не ў іх гэта характары і звычках. Гэты звер ніколі не прынясе да сябе ў нару нячыстае — надта ж яны далікатныя, чыстолі. Іх жыллё — вялікая загадка і цуд. У людзей няма такога, як у іх — і спальня, і адпачывальня, і сталовая, і радзільня... То, выходзіць, яна, ліска, — хітрая ды настырная, адваяваць сабе жытло хоча. Лянуецца рабіць яго сама, ды і лапы не для такой работы ў яе... Таму і надакучвае, падкідвае нечыстоты, нават нагадзіць можа, каб вывесці барсукоў з цярпення. Але барсук наколькі далікатны ў чысціні, настолькі ж і цярплівы — будзе выкідаць і выкідаць са сваёй нары «дарункі» Рыжухі...

Праз тыдні два пасля таго ненарокам завітаў на ўскрай Барсучынага хутара — хадзіў глядзець лугавіну на Алёсах, пад самай Вятчынкай. У прагаліне сосен прыкмеціў яе, Рыжуху. І здагадаўся пра ўсё...

Мінуў Міколікаў брод — некалі дзед Міколік, дзед Антося Кашэвіча, везучы на карове дровы, загруз тут з возікам. І мацюкаўся на ўвесь свет, скідаючы долу дровы, соек і сарок як на відовішча сабраўшы. Ад таго і празвалі так брадок спрымачоўцы...