Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 196

Анатоль Бароўскі

— Ды я любыя грошы... — застагнаў Казімір умольна, усё яшчэ дзівіўся свайму адкрыццю.

— Дзве пляшкі каньяку, па дзяшоўцы.

— Хоць і чатыры. Кажы як.

— Пісаць ёсць чым?

— Есць. — Жамойда дастаў з кішэні самапіску, з сумкі выняў кнігу. — Дыктуй...

Машыну страсянула на выбоіне, і Паўло вывеў яе на роўнае. Ужо калі выехалі зноў на шлях — быў аб'езд, калі роўна запрацаваў рухавік, загаварыў:

— Баба Настазя рэцэпт дала. Машыну дроў за тое ёй прывёз — парэзаў і пакалоў. Дык вось, напачатку два кіло ліпавага мёду — і толькі ліпавага. Кіло мукі пшанічнай, ды абавязкова прасеяць яе праз густое сіта. Флакончык селікатнага клею — для курчавасці. Я ўліў адзін і бачу, слабыя курчы, звісаюць, рассыпаюцца. Буду яшчэ мазямі мазаць. Так, што яшчэ? Ага, паўшклянкі алею... І во, некалькі ягадзін шыпшыны — сушоных, канечне. Перамяшаць усё гэта, зрабіць цеста. А потым гэтую сумесь накласці на галаву і надзець зімовую старую шапку. Спачатку трэба паляжаць, каб на галаве загусла і прыклеілася. Насіць тры дні. І спаць нават так...

— Шыпшыну сухую браць?

— Сухую, гэта ўжо для шаўкавістай валасоў.

Казімір спраўна запісваў, падзякаваў, сунуў кнігу назад у сумку.

Паўло давёз яго да самай хаты. Ляснік саскочыў на зямлю, яшчэ раз падзякаваў. Вадзіцель газануў і паехаў далей — браць у Косцікавым абходзе будаўнічы лес. Ён спяшаўся, бо паабяцаў вечарам вярнуцца назад — за гадзіну да пачатку спектакля...

Вялікая мука для Косціка пісаць справаздачы ў лясніцтва. А іх трэба было складаць для бухгалтаркі Алены Юніцкай на год аж чатыры разы — на кожную пару года.

Яшчэ нічога было б, каб пісаў толькі пра зробленую работу. Бо і сапраўды, як яе палічыць Алене, каб налічыць зарплату. Але ж калі ён дабіраўся да графы, у якой неабходна было пісаць, колькі прыблізна ў яго абходзе ваўкоў і ласёў, баброў і янотаў, выдраў і лісіц, то яго заўсёды разбірала зло — гэтага яшчэ не хапала. І таму ён ніколі праўды не пісаў, хлусіў. Або коратка паведамляў, што зніклі. «Анігаткі, — думаў ён, злуючыся на тых бюракратаў, што прыдумалі такое, — так я табе і напішу , дзе ў мяне жывуць барсукі і ласі... Туды ж адразу кінецца Жамойда, і пасля яго ніводнага следзіка звярынага не застанецца. Лукашэвіч, вядома, папер тых ад Жамойды не хаваў. Цяпер-то яно, праўда, павярнулася на лепшы бок — апусцілі галовы і Лукашэвіч, і Жамойда, прыціхлы..»

Баяўся Міхалап і за плантацыі лекавых раслін — ніколі не расказваў, дзе і што расце. Дзяліўся ляснік толькі з Ладуцькам і Карабковым. Адсылаў старога, калі часу не меў, у тыя тайныя лугавіны па кацялапкі, братаўкі, бералёзкі... Нізоўкі тыя амаль ніхто ніколі і не касіў — былі яны нізкія, ля балот, не вынесеш і не вывезеш накошанае...

Барсукоў ён ахоўваў як мог. Віна перад імі з гадамі не аціхала, а, наадварот, расла ўсё больш і больш. І не толькі перад імі.

...На ўзболатку, у густой і высокай траве, залапаталі крыламі, узляцелі ў паветра качкі.

У сінім і празрыстым блакіце, высока ў небе, плыў шуляк — не варушыў крыламі.

Дурманіў голаў пах чабору і багуну.

На вяршыні высокага клёна дзяцел аблюбаваў сабе кузню-забаву, і адтуль раз-пораз даносіўся траскучы звон — бы хто адцягваў канец металічнага спружыністага прута і рэзка адпускаў яго. Іншы пачуе, несвядомы, надумае, што так крэкча ці злуецца невядомая лясная птаха. І памыляецца...